У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гілман.
Алфрэд Гудман Гілман (англ.: Alfred Goodman Gilman, нар. 1 ліпеня 1941, г. Нью Хейвен, штат Канектыкут, ЗША) — амерыканскі вучоны ў галіне фармакалогіі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне ў 1994 годзе разам М. Родбелам «за адкрыццё G-бялкоў і ролі гэтых бялкоў у сігнальнай трансдукцыі ў клетцы».
Гілман нарадзіўся 1 ліпеня 1941 года ў Нью Хейвене (штат Канектыкут). Яго бацька, Алфрэд Гілман старэйшы, які выкладаў у медыцынскай школе Ельскага універсітэта, разам з Луісам Гудманам выпусціў у тым жа 1941 годзе падручнік для студэнтаў «Фармакалагічныя асновы тэрапіі», самы вядомы падручнік па фармакалогіі для студэнтаў медыцынскіх школ. У гонар свайго суаўтара Альфрэд Гілман старэйшы і назваў свайго сына Алфрэд Гудман Гілман.[7]
Скончыў Ельскі ўніверсітэт у 1962 годзе. З 1962 года ў Кліўлендскім універсітэце, з 1969 года ў Нацыянальным інстытуце здароўя, з 1971 года ў Віргінскім універсітэце (г. Шарлатсвіл). З 1981 года кіраўнік Дэпартамента фармакалогіі Тэхаскага ўніверсітэта (г. Далас).
Выявіў з М. Родбелам малекулярны механізм перадачы інфармацыі ў арганізме — паміж клеткамі і ўнутры клетак, ідэнтыфікаваў бялкі-пасрэднікі (G-бялкі) і высветліў іх ролю ў малекулярных механізмах шэрагу інфекцыйных хвароб (халеры, коклюшу і інш.).
Доктар фармакалогіі (1969).
Член Нацыянальнай АН ЗША (1986), Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук (1988).