Алматы (каз.: Алматы [ɑlmɑˈtə]) — самы буйны горад у Казахстане, да 1995 года сталіца. Насельніцтва — 1 400 000 чалавек (2008). Размешчаны на паўднёвым усходзе рэспублікі, каля паўночных схілаў хрыбта Заілійскі Алатау, на вышыні 650—950 метраў, паміж рэкамі Вялікая і Малая Алмаацінкі. Чыгуначная станцыя, вузел аўтадарог (аўтамагістралі на Бішкек, Сяміпалацінск і да мяжы з Кітаем). Аэрапорт. Буйны індустрыяльны і культурны цэнтр рэспублікі.
Заснаваны ў 1854 годзе як расійскае ваеннае ўмацаванне Вернае на месцы казахскага паселішча Алматы. З 1867 года горад Верны — цэнтр Сямірэчанскай вобласці Туркестанскага генерал-губернатарства. Быў месцам палітычнай ссылкі. У 1921 годзе перайменаваны ў Алма-Ату, у 1929-95 гадах — сталіца Казахстана. Развіццю горада спрыяла Туркестана-Сібірская чыгунка, пабудаваная ў 1930 годзе.
Машынабудаванне і металаапрацоўка, харчасмакавая (кансервавая, тытунёвая), лёгкая (тэкстыльная, футравая, трыкатажная) прамысловасць; вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. ЦЭС, каскад ГЭС на Вялікай Алмаацінцы.
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Алматы