wd wp Пошук:

Адам Станіслававіч Грабніцкі-Дактаровіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Грабніцкі. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дактаровіч. Адам Станіслававіч Грабніцкі-Дактаровіч (польск.: Adam Hrebnicki-Doktorowicz; 6 студзеня 1858, Цётча Лепельскага павета Віцебскай губерні Расійскай імперыі, цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласці Беларусі — 13 кастрычніка 1941, Роюс паблізу Ігналіны, цяпер Ігналінскі раён Літвы) — біёлаг, батанік, навуковец-садавод і памолаг. Прафесар (1918).

Біяграфія

З шляхецкага роду Грабніцкіх герба Астоя. Нарадзіўся ў маёнтку свайго дзядзькі.

У 1972 годзе набыў маёнтак Арэхаўна «па рашэнні Віцебскай злучанай палаты крымінальнага і грамадзянскага суда ад 4 мая 1872 года», верагодна, у выніку сумнага лёсу былога ўладальніка — стрыечнага брата Адама Отана Грабніцкага[1].

Вучыўся ў Віцебскай класічнай гімназіі і Дынабургскім рэальным вучылішчы. У 1883 годзе скончыў Лясны інстытут у Санкт-Пецярбургу (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны лесатэхнічны універсітэт), атрымаў дыплом вучонага лесніка I-га класу. Спецыялізацыю праходзіў пад кіраўніцтвам батаніка І. П. Барадзіна.

У 1884—1891 — працаваў асістэнтам, у 1902—1922 гадах быў прафесарам пладаводства і агародніцтва, на заснаванай ім кафедры садаводства Ляснога інстытута.

Магіла А. С. Грабніцкага ў Дукштах Ігналінскага раёна.

У 1895 годзе стаў членам Бюро па прыкладной батаніцы Вучонага камітэта Міністэрства земляробства і дзяржаўных маёмасцяў (цяпер Усерасійскі інстытут раслінаводства ім. М. І. Вавілава, Санкт-Пецярбург). Да работ у Бюро яго і лепшых батанікаў Санкт-Пецярбурга прыцягнуў А. Ф. Баталін, галоўны батанік і дырэктар Імператарскага Батанічнага саду ў Санкт-Пецярбургу. Членамі Бюро без забеспячэння, якія бралі пасільны ўдзел у працах Бюро ў гэты перыяд, былі прызначаныя ў 1894 годзе — асістэнт па кафедры батанікі Імператарскай Ваенна-медыцынскай акадэміі В. К. Варліх і прафесар Імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта Х. Я. Гобі, у 1895 годзе — выкладчык пладаводства Ляснога інстытута А. С. Грабніцкі і ардынатар Клінічнага інстытута Вялікай княгіні Алены Паўлаўны А. В. Пель; у 1896 годзе — малодшы кансерватар Імператарскага Санкт-Пецярбургскага батанічнага саду Г. І. Танфільеў.

У 1886 годзе апісаў, забяспечыўшы ўласнымі малюнкамі, яблыкі сорту Edelbohmer і ў тым жа годзе апублікаваў працу ў пецярбургскім штомесячніку «Веснік садоўніцтва».

Разам з прафесарам А. Ф. Рудзскім пераклаў на рускую і браў актыўны ўдзел у першым рускім выданні шырока вядомай двухтомнай працы нямецкага садавода М. Гашэ «Кіраўніцтва па пладаводстве» (Пецярбург, 1889).

У 1890 годзе на хутары Рай (цяпер Дукштаская сянюнія Літвы) на плошчы 15 га заклаў гадавальнік і вялікі калекцыйны сад з 512 сартоў яблыні і 256 сартоў грушы і вёў за імі падрабязныя назіранні. У 1922 годзе ў яго памалагічным садзе было ўжо 1197 сартоў яблыні, грушы, слівы, вішні і чарэшні.[2] У 1894 годзе знаходзіўся з навуковымі мэтамі ў Паўночнай Амерыцы.

Увайшоў у гісторыю расійскага садоўніцтва вядомай працай «Атлас пладоў», які выдадзены (1903) пад яго рэдакцыяй і з удзелам у апісанні 46 з 114 распаўсюджаных у Расіі сартоў яблыні і іншых пладовых парод. Выданне «Атласа пладоў» прафінансаваў імператар Мікалай II.

У 1900 годзе ў Пецярбургу пад яго рэдакцыяй выйшла кніга А. Ц. Болатава «Выявы і апісанні розных парод яблыкаў і груш, якія пладаносяць у Дваранінаўскіх, а таксама і ў іншых садках».

Супрацоўнічаў у многіх часопісах, дзе апублікаваў каля 100 артыкулаў па садоўніцтву, у Энцыклапедыі сельскай гаспадаркі, выдадзенай А. Ф. Дэўрыенам у 1900—1906 гадах. Шмат увагі надаваў пошуку і апісанню мясцовых сартоў яблыні.

Помнік Адаму Грабніцкаму ў Роюсе.

Галоўныя навуковыя працы прысвечаны сортавывучэнню, выяўленню і апісанню каштоўных сартоў пладовых культур народнай селекцыі, вывучэнню біялогіі апылення і апладнення пладовых культур.

Быў кавалерам многіх ордэнаў Расійскай імперыі.

Пасля далучэння Прыбалтыкі да СССР у 1939 годзе стаў кансультантам Літоўскага агранамічнага інстытута. Памёр ад цяжкай хваробы.

У Роюсе Адаму Грабніцкаму пастаўлены помнік.

Выбраныя працы

Зноскі

  1. Василий Азоронок. За четверть века до катастрофы (руск.)
  2. У 1956 годзе на гэтай тэрыторыі створаны апорны пункт Віценайскай плодагародніннай вопытнай станцыі (цяпер Літоўскі НДІ плодаагародніцтва).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Пахаваныя ў Літве
Катэгорыя·Батанікі XX стагоддзя
Катэгорыя·Памерлі ў Ігналінскім раёне
Катэгорыя·Памерлі 13 кастрычніка
Катэгорыя·Батанікі Літвы
Катэгорыя·Грабніцкія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лепельскім павеце
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1858 годзе
Катэгорыя·Батанікі Расійскай імперыі
Катэгорыя·Батанікі XIX стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся 6 студзеня
Катэгорыя·Памерлі ў 1941 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў