У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лісоўскі. Адам Лісоўскі (1882, в. Каранды, Ашмянскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя — 9 кастрычніка 1929, Варшава, Польшча) — каталіцкі святар, адзін з заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху.
Закончыў Віленскую духоўную семінарыю (1903), пасля вучыўся ў Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, пасвечаны на ксяндза ў 1907. З 1907 працаваў у Польскім таварыстве «Асвета» ў Мінску — арганізацыі, якая арганізавала нелегальнае польскамоўнае і рэлігійнае (каталіцкае) навучанне[1]. Служыў у розных парафіях на беларускіх землях: у Магілёве, Мінску, Гарадзішчы, Ігумене, Анопалі. У 1911 выконваў абавязкі адміністратара ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску. З 1914 быў пробашчам у маёнтку Гарадзішча (Пінскі павет), што належаў сям’і Скірмунтаў[2].
У 1922 узначаліў Мінскі дэканат, 31 мая 1922 арыштаваны савецкімі ўладамі, асуджаны на 5 гадоў турмы. Сядзеў у Мінску, Маскве і ў Яраслаўлі. 28 красавіка 1924 у выніку абмену палітычнымі вязнямі трапіў у Польшчу. Служыў у Гарадзішчы каля Пінска і ў Віннай на Падляшшы.
Выступаў за беларусізацыю каталіцкага касцёла ў Беларусі[3]. Пераклаў на беларускую мову часткі Новага Запавету: Апакаліпсіс, Апостальскія дзеі, лісты Святога Паўла. Пахаваны ў Кляшчэлях на Беласточчыне па сваім жаданні побач са сваім духовым апякуном ксяндзом Адольфам Пласкавіцкім. Адам Лісоўскі адыграў вялікую ролю ў лёсе ксяндза Адама Станкевіча і яго беларускай нацыянальнай свядомасці.