wd wp Пошук:

Япанцы

Япа́нцы, або яп (саманазва: Wa’ab) — карэнныя насельнікі астравоў Яп у Мікранезіі. Агульная колькасць у Федэратыўных Штатах Мікранезіі — 7 000 чал. (2022 г.)[1]. Каля 600 чал. жывуць у ЗША[2].

Паходжанне і гісторыя

Лічыцца, што продкі сучасных япанцаў з’явіліся на астравах Яп каля 1500 г. да н. э. з Філіпін, пра што сведчыць іх мова, якая адносіцца да заходняй групы малайска-палінезійскіх моў аўстранезійскай сям’і. Але генетычныя даследаванні дэманструюць, што ў фарміраванні япанцаў таксама ўдзельнічалі выхадцы з Усходняй Мікранезіі і Меланезіі. Гэта можа азначаць, што да выхадцаў з Філіпін на Япе былі іншыя насельнікі, або тое, што япанцы падтрымлівалі шырокія кантакты падчас пазнейшых вандровак.

У 1525 г. астравы Яп былі адкрыты партугальцамі. Афіцыйна яны ўвайшлі ў склад Іспаніі, але, калі не лічыць не вельмі працяглай працы каталіцкай місіі ў XVIII ст., іспанцы амаль не цікавіліся астравамі. Сталыя кантакты з еўрапейцамі пачаліся толькі ў XIX ст.

У 1899 г. Яп перайшлі ў маёмасць Германіі, пад час I Сусветнай вайны — пад кантроль Японіі, у 1945 г. — пад кантроль ЗША. У 1986 г. быў створаны штат Яп у складзе Федэратыўных Штатаў Мікранезіі.

Культура

Япанцы здаўна займаліся земляробствам, ловам рыбы, падтрымлівалі цесныя гандлёвыя зносіны з іншымі астравамі Мікранезіі і, магчыма, Заходняй Меланезіі. Яны славіліся як добрыя мараплаўцы і суднабудаўнікі. Умелі вырабляць керамічныя вырабы, хаця і не вельмі дасканалыя.

Характэрнай рысай япанскай культуры было шырокае выкарыстанне мясцовых грошай — ракавін, кавалкаў чарапахавых панцыраў, але найбольш вядомы грошы ў форме велізарных каменных дыскаў з дзіркай пасярэдзіне для магчымай пераноскі з месца на месца. Камень для вырабу такіх грошай здабывалі на Палау або Гуаме, транспартавалі на плытах. Грошы маглі захоўвацца на зямлі іх уладальніка або проста не далёка ад вёскі. Пры заключэнні гандлёвай дамовы жыхары аднаго паселішча звычайна застаўлялі дыскі на месцы, але знешнія гандлёвыя кантакты патрабавалі іх перамяшчэння. Акрамя таго, існавалі мужчынскія і жаночыя грошы.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай была пашыраная патрылакальная сям’я. Як правіла, у яе склад уваходзіла тры пакаленні — бацькі, дзеці і ўнукі. Зямля належыла роду бацькі. Калі япанец не выконваў сваіх сыновых абавязкаў, бацька меў права выгнаць яго. У крытычны момант за яго мог заступіцца род маці, але ў адрозненні ад іншых месц Заходняй Мікранезіі на Яп роды па матчынай лініі і жаночыя аб’яднанні не мелі значнай улады.

Некалькі вёсак фарміравалі тэрытарыяльную адзінку на чале правадыра. Паміж імі маглі ўспыхваць канфлікты. У XIX ст. правадыры вобласці Гагіл усталявалі ўладу над астатнімі тэрыторыямі, ад якіх атрымоўвалі натуральную даніну. Падзел Яп на старажытныя тэрытарыяльныя адзінкі існуе да нашай пары. Міграцыя з адной адзінкі ў іншую магчыма толькі са згоды тубыльцаў.

Япанцы зберагаюць многія рысы традыцыйнай культуры, у тым ліку старажытныя вераванні і да нашых дзён карыстаюцца каменнымі грашыма.

Зноскі

  1. Yapese of Micronesia, Federated States
  2. Yapese of United States

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Мікранезійскія народы
Катэгорыя·Народы Аўстраліі і Акіяніі