Ян Раўп, згадваецца ў некаторых крыніцах таксама пад падвойным сербалужыцка-нямецкім прозвішчам Rawp-Raupp (в.-луж.: Jan Rawp; 17 лістапада 1928, Браўншвайг, Германія — 13 верасня 2007, Будзішын, Германія) — лужыцкі кампазітар і гісторык сербалужыцкай музыкі. Лаўрэат прэміі імя Якуба Чышынскага (1970, 1974).
Нарадзіўся ў 1928 годзе ў сям’і опернай спявачкі Рут-Маркі Раўпавай і лекара. Пражываў у Берліне і Дрэздэне, дзе выхоўваўся ў сям’і свайго дзеда з боку маці вядомага сербалужыцкага кампазітара Бярната Краўца. З 1938 па 1944 гады навучаўся ў розных вышэйшых навучальных установах у Берліне, Дрэздэне і Баўтцэне. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны працягнуў сваё навучанне ў Вышэйшай школе мастацтва і тэатра ў Баўтцэне. Потым навучаўся ў Сербалужыцкім педагагічным інстытуце ў Радзіборы, па заканчэнні якога некаторы час працаваў настаўнікам.
З 1947 года па накіраванню сербалужыцкай арганізацыі «Домавіна» навучаўся ў Пражскай кансерваторыі, з 1951 па 1955 гады — студэнт факультэта гісторыі мастацтваў у Карлавым універсітэце ў Празе. У 1955 годзе ажаніўся з арганісткай Любінай Галанец.
Пасля вяртання ў 1955 годзе ў Лужыцу да 1986 года працаваў гісторыкам сербалужыцкай музыкі ў Інстытуце сербалужыцкага народазнаўства (з 1992 года — Сербалужыцкі інстытут). Займаўся сістэматызацыяй музычнай культурай лужычанаў. З 1962 года — прафесар універсітэта імя Гумбальдта.
З 1972 па 1980 года — старшыня Таварыства сербалужыцкіх музыкаў (Koło serbskich hudźbnikow). Быў членам Прэзідыума Саюза кампазітараў і музыкаў ГДР і членам Камісіі народнай музыкі Акадэміі мастацтваў у Брно. Адзін з заснавальнікаў Міжнароднага грамадства народнай музыкі ў Лондане. З 1990 года — член сербалужыцкай культурна-асветніцкай арганізацыі «Маціца серба-лужыцкая».
За сваю дзейнасць па развіццю сербалужыцкай музычнай культуры быў двойчы ўдастоены прэміі імя Якуба Чышынскага (1970, 1974), настаўніцкай прэміі Домавіны (1971, 1975) і ордэнам «За заслугі перад Айчынай» (1978).
Памёр 13 верасня 2007 года ў Будзішыне. Пахаваны на Тухорскіх могілках.