Янот-паласкун для Беларусі — інтрадукаваны від сысуноў, прадстаўнік беларускай фаўны янотавых.
У Беларусь 52 асобіны ўпершыню завезлі з Азербайджана ў 1954 годзе і выпусцілі ў Прыпяцкім запаведніку (Снядзінскае лясніцтва). У 1958 годзе 37 янотаў выпусцілі ў былым Давыд-Гарадоцкім раёне Брэсцкай вобласці і 38 у Прыпяцкім запаведніку (Азяранскае лясніцтва). Звяркі паспяхова прыжыліся і да 1965 года іх колькасць дасягнула 1,5 тыс. асобін, што дало магчымасць у 1969—1970 гадах дазволіць іх здабычу[1].
З часам колькасць значна скарацілася і яноты амаль не рэгістраваліся. У 1996 годзе біёлагі выявілі яго прысутнасць у заказніку Нізоўе Случы.
Фактычна янот-паласкун захаваўся толькі як біялагічны від, які не мае прамысловага значэння. Аднак, раён распаўсюджання пашырыўся на ўсю пойму Прыпяці. Разам з тым, А. А. Саварын не выключае[2] магчымасці, што янот-паласкун усё ж знік з терыяфаўны Беларусі[1].
Яноты-паласкуны ўтрымліваюцца ў Віцебскім, Гродзенскім, Жлобінскім і Мінскім заапарках і Магілёўскім заасадзе.
У Беларусі найбольш прыдатнымі для янотаў аказаліся дубова-грабавыя і мяшаныя лясы ў басейне р. Прыпяць з наяўнасцю старых дупляных дрэў, а таксама, пойменных азёр, нізінных і пераходных балот, меліярацыйных канаў, дзе звяркам лягчэй знаходзіць корм[1].
Від пластычны, з вялікімі магчымасцямі да адаптацыі да антрапагеннага ландшафту[1].