У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ямніца (значэнні).
Я́мніца[1] (трансліт.: Jamnica, руск.: Ямница) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Вендаражскага сельсавета.
Згадваецца ў 1654 годзе як вёска Ямнае ў складзе маёнтка Княжыцы ў Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага пры ейнай перадачы лідскім харунжым Янам Курчом з жонкай Барбарай (з Друцкіх-Сакалінскіх; атрымала Княжыцы ў спадчыну ад першага мужа, князя Юрыя Галоўчынскага) у заставу Гераніму Бучацкаму-Твароўскаму[2].
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў складзе Бялыніцкага раёна Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецкімі войскамі. У вёсцы была расквартыравана частка 60-й рэзервовай мотамеханізаванай дывізіі вермахта. Падчас Ямніцкага бою 1944 года партызаны 121-га партызанскага палка і 61-й партызанскай брыгады пераправіліся цераз р. Лахва і непрыкметна наблізіліся да в. Ямніца, каб знішчыць нямецкія войскі. Аднак частцы нямецкага гарнізона ўдалося прарвацца да танкаў і арганізаваць абарону[3].
Да 22 ліпеня 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Цішоўскага сельсавета[4].