wd wp Пошук:

Юраўскі карагод

Юраўскі карагод — традыцыйны веснавы абрад у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў Беларусі. Ладзіцца ў дзень святкавання Юр’я, 6 мая. 11 снежня 2019 года быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА як аб’ект, якому неабходная тэрміновая абарона[1][2][3].

Абрад «Юраўскі карагод» раней меў распаўсюджанне ў шэрагу вёсак Жыткавіцкага раёна, хоць геаграфічныя межы ў гэтым выпадку вельмі ўмоўныя. Традыцыя найбольш поўна захоўваецца і жыве толькі ў вёсцы Пагост, што ўваходзіць у Азяранскі сельсавет.

Складаецца абрад з дзвюх частак. Спачатку ва ўнутраным двары асобнай сялянскай гаспадаркі з хлява пасля зімы першы раз выводзяць скаціну. Другая ж частка ўключае выпечку і раздачу рытуальнага хлеба, шэсце вяскоўцаў на веснавое поле, песні ды гульні, пажаданні адно аднаму добрага здароўя і багатага ўраджаю.

У 2004 годзе веснавы «Юраўскі карагод» быў разгледжаны Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі для ўключэння ў рэспубліканскі спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў — і праз тры гады, у 2007 годзе, паводле адпаведнай пастановы Савета Міністраў стаў першым у Беларусі нематэрыяльным элементам, які атрымаў такі статус.

Абрад знаходзіцца пад пагрозай знікнення, сярод прычын — старэнне носьбітаў, тэндэнцыя з’язджання моладзі з вёскі, не вельмі спрыяльныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы ў рэгіёне.

Зноскі

  1. Intergovernmental Committee inscribes ten cultural practices on UNESCO’s Lists of Intangible Heritage (англійская). Праверана 11 снежня 2019.
  2. Абрад «Юраўскі карагод» трапіў у Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА — Еўрапейскае радыё для Беларусі, 12 снежня 2019. (бел.)
  3. Беларускі абрад «Юраўскі карагод» уключаны ў Спіс Юнеска — Наша ніва, 12 снежня 2019. (бел.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Святы Беларусі
Катэгорыя·Пагост (Жыткавіцкі раён)
Катэгорыя·Абрады і рытуалы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Сусветная спадчына ў Беларусі
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Культура Жыткавіцкага раёна