wd wp Пошук:

Юлія Восіпаўна Бібіла

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бібіла. Ю́лія Во́сіпаўна Бібі́ла (10 студзеня 1897, Поразава Ваўкавыскі павет Гродзенскай губерні, Расійская імперыя — 9 снежня 1974, Мінск, Беларуская ССР) — беларуская бібліятэкарка, бібліёграф. Стаяла ля вытокаў дзяржаўнай рэгістрацыі беларускіх друкаваных выданняў, стваральніца першай беларускай краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі.

Біяграфія

Нарадзілася ў сям’і валаснога пісара ў мястэчку Поразаве Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні (цяпер у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці). Навучалася ў Ваўкавыскай, пасля ў Бабруйскай жаночай гімназіі. Брала ўдзел у працы Бабруйскага аддзела Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

У 1915 годзе паступіла на Бястужаўскія вышэйшыя жаночыя курсы ў Петраградзе. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года вярнулася ў Бабруйск. Працавала настаўніцай. Арганізавала ў гарадскай бібліятэцы аддзел краязнаўчай літаратуры, была сяброўкай Беларускага культурна-асветнага таварыства.

З 1921 года — у Мінску. У 1922—1937 працавала загадчыцай беларускага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Леніна. Скончыла этнолага-лінгвістычнае аддзяленне факультэту грамадскіх навук БДУ (1925). Выкладала ў даследчыцка-паказальнай школе-сямігодцы пры педагагічным факультэце, працавала сакратаркай бібліяграфічнай камісіі Інбелкульту.

У 1937 рэпрэсаваная і высланая з Беларусі. Працавала майстрыхай у саратаўскай арцелі «Каруначніца» (1937—1938). У 1938—1939 зняволеная ў турму. У 1939—1959 гадах — галоўная бібліёграф бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта.

Вярнулася ў Мінск у 1959 годзе. Працавала ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР.

Дзейнасць

Распачала бібліяграфічную рэгістрацыю друку БССР, разам з калегамі ўдзельнічала ва ўкладанні першай беларускай краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі.

Арганізавала выданне «Летапісу беларускага друку» (з 1924). Апублікавала бібліяграфію твораў Цішкі Гартнага (зборнік «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928), матэрыялы да біяграфіі Цёткі (часопіс «Запіскі аддзела гуманітарных навук», 1928). Падрыхтавала сістэматычны паказальнік «Беларускі перыядычны друк, 1917—1927» (1929).

Аўтар-складальнік шэрагу бібліяграфічных паказальнікаў «Русская дореволюционная книга о Белоруссии (1802—1916 гг.)» (1964), «Беларуская ССР у друку сацыялістычных краін, 1946—1965» (1966), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: феадалізм і капіталізм» (1969), «Асвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады» (1973) і інш. Пакінула ўспаміны пра Янку Купалу, пра Дзяржаўную бібліятэку БССР, пра Саратаўскую бібліятэку.

Самадзейная майстрыха мастацкага ткацтва (паясы, гальштукі, закладкі для кніг), удзельніца выставак, збіральніца ўзораў беларускага народнага ткацтва.

Зноскі

  1. 1 2 (unspecified title) Праверана 5 лютага 2022.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 студзеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выкладчыкі Саратаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі ў 1974 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1897 годзе
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Бібліятэкары Беларусі
Катэгорыя·Бібліёграфы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Поразаве
Катэгорыя·Выпускнікі БДУ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Памерлі 9 снежня