wd wp Пошук:

Эдуард Аляксандравіч Пальчыс

Эдуард Аляксандравіч Пальчыс (нар. 28 кастрычніка 1990, Ліда, Беларусь) — беларускі блогер і публіцыст, пэўны час выступаў у інтэрнэце ананімна пад нікам «Джон Сільвер», палітвязень Беларусі.[1]

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў Лідзе. У 2006 г. Э. Пальчыс згадваецца на старонках газеты «Наша Слова». Ён двойчы ўдзельнічаў у расчыстцы сядзібы Ігната Дамейкі ў вёсцы Заполле Лідскага раёна, пра што пісала газета ТБМ.[2] У старэйшых класах ён выступаў за гарадскую каманду «Што? Дзе? Калі?».

У школе стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных дзяцей. Дыплом другой ступені ад Міністэрства адукацыі і грашовую прэмію са спецфонду Прэзідэнта Э. Пальчыс, тады 11-класнік з Ліды, атрымаў на рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі ў 2008 г. У той жа год ён паступіў на гістарычны факультэт БДУ[3].

Заснавальнік сайта 1863x.com. Па словах Э. Пальчыса: «Сайт задумаваўся, як адказ тым расійскім прапагандыстам, якія ў 2014-м пачалі інфармацыйна атакаваць Беларусь».[4] На сайце друкаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з рэзкай крытыкай уладаў Расіі і Беларусі. На ім размяшчаюцца ў асноўным публіцыстычныя артыкулы на гістарычныя і каляпалітычныя тэмы, шмат матэрыялаў, прысвечаных палітыцы Крамля ў дачыненні да сваіх суседзяў, матэрыялы прысвечаныя незалежнасці Беларусі.

Жанаты. Жонка — Вікторыя.

Храналогія пераследу

5 мая 2015 г. Э. Пальчыс быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ і абвінавачаны па ч.1 арт. 130 КК РБ. У кватэры дзе ён жыў і ў кватэры бацькоў былі праведзеныя вобшукі, была канфіскаваная кампутарная тэхніка. Пасля допыту і двухдзённага знаходжання ў ІЧУ г. Мінска, Э. Пальчыс быў прымусова адпраўлены на судова-псіхіятрычную экспертызу у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, дзе ён прабыў 29 дзён. Яго прызналі ў розуме і адпусцілі пад падпіску аб нявыезде. Праз нейкі час яму прад’явілі яшчэ адное абвінавачванне па ч. 2 арт.  343 КК РБ.[5]

У верасні 2015 г. Э. Пальчыс праз Расію з’ехаў ва Украіну.

У лістападзе 2015 г. на старонцы свайго сайта Э. Пальчыс паведаміў аб раскрыцці ягонай ананімнасці і пераследванні ў Беларусі.  

У выніку аперацыі спецслужбаў, 23 студзеня 2016 г. Э. Пальчыс быў затрыманы пры перасячэнні украінска-расійскай мяжы, тры месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА г. Бранска, а затым ў СІЗА г. Смаленска[6].

У канцы мая 2016 г. Э Пальчыса экстрадзіравалі ў Беларусь, у СІЗА г. Віцебска, затым у СІЗА г. Мінска і г. Жодзіна.

14 чэрвеня 2016 г. Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай, дзе, у сувязі з тым, што да Э. Пальчыса не пускалі адвакатаў, запатрабаваў ад уладаў забяспечыць працэсуальныя гарантыі і правы затрыманага, а таксама належныя ўмовы ўтрымання ў зняволенні.[7]

22 чэрвеня 2016 г. старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч пацвердзіў, што Э. Пальчысу прад’яўлена абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 130 і ч. 2 арт. 343 КК РБ.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікалі беларускую ўладу забяспечыць празрыстасць у судовых працэдурах і вызваліць Э. Пальчыса.[8][9]

25 жніўня 2016 г. суд Цэнтральнага раёна Мінска, суддзя М. Казлова, разглядзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

5 кастрычніка 2016 г. беларускія праваабаронцы прызналі блогера Э. Пальчыса палітвязнем, пра што гаворыцца ў сумеснай заяве праваабарончага цэнтра «Вясна», Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава (Вільня), ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр», камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»[10].

Праваабаронцы заявілі: «У выніку аналізу даследчыкі прыйшлі да высновы, што размешчаная ў 9-ці артыкулах інфармацыя не ўтрымлівае прыкмет заклікаў да вайны, гвалту ці выступаў на карысць расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці, не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку ці здароўю і маральнасці насельніцтва. Матэрыялы ўяўляюць сабой нішто іншае, як меркаванні аўтара адносна тых ці іншых гістарычных падзей, фактаў, утрымліваюць крытычныя заўвагі адносна геапалітычных канцэпцый і знешняй палітыкі некаторых дзяржаў. Аўтар не меў  на мэце прыніжэнне прадстаўнікоў нейкіх канкрэтных нацыянальнасцяў, этнічных ці расавых груп.»[11]

Суд над Э. Пальчысам адбываўся з 14 па 28 кастрычніка 2016 года ў Мінскім гарадскім судзе. Разгляд справы праходзіў у закрытым рэжыме.

Падчас судовага разбіральніцтва каля будынку суда прайшло некалькі акцыяў пратэста. Э. Пальчыс быў прызнаны вінаватым па ч. 1 артыкула 130 КК РБ (распальванне варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці) і па ч. 2 артыкула 343 КК РБ (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Э. Пальчыс быў асуджаны на адзін год і дзевяць месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»). Вызвалены ў зале суда[12].

9-месячны арышт у СІЗА быў залічаны дзень за два дні абмежавання волі. Тэрмін пакарання, які застаўся, адбываў у Лідзе. Знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Адвакатка Э. Пальчыса Ганна Бахціна ў 2017 годзе Міністэрствам юстыцыі была пазбаўлена адвакацкай ліцэнзіі. Праваабаронцы лічаць гэта помстай уладаў  ў дачыненні да яе за ўдзел у крымінальных справах, якія мелі палітычны кантэкст.[13][14]

Э. Пальчыс працягвае працаваць у журналістыцы. У лютым 2017 г. шляхам краўдфандынга сабраў сродкі на наступны год працы сайту 1863х. Прынцыпова падтрымлівае сайт за ахвяраванні чытачоў.[15]

3 сакавіка 2017 г. прымаў удзел у мітынгу супраць будаўніцтва бізнес-цэнтра ў Курапатах.[16] 02 мая 2017 г. па  артыкуле 23.34 ч.1 КаАП РБ  за ўдзел у гэтым мітынгу быў аштрафаваны на 20 базавых велічыняў.[17]

21 лютага 2018 г. судом Цэнтральнага раёна г. Мінска (суддзя І. Касцян) за ўдзел 9 студзеня у перформансе ў барбешопе «Чэкіст» па артыкуле 17.1 КаАП, «дробнае хуліганства», аштрафаваны на 30 базавых велічыняў. Такі ж самы штраф атрымаў і іншы ўдзельнік перформансу грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч.[18]

4 красавіка 2018 г. судом Фрунзенскага раёна г. Мінска (суддзя Скуратовіч А.) па артыкуле 23.34 ч.3 КаАП РБ быў аштрафаваны на 30 базавых велічыняў за ўдзел 21 лютага 2018 г., у Міжнародны дзень роднай мовы, у зборы подпісаў у падтрымку беларускай мовы і стварэння Нацыянальнага ўніверсітэту з навучаннем па-беларуску.[19]

Быў адным з арганізатараў святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску.[20]

У чэрвені 2018 года даў інтэрв’ю расійскаму блогеру і актывісту-лібертарыянцу Міхаілу Светаву[21].

У 2020 годзе быў прысуджаны да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у перадвыбарчай акцыі Святланы Ціханоўскай. Пасля адбыцця 30 сутак арышту на волю не выйшаў, быў абвінавачаны па крымінальнай справе.

Ацэнкі

Як адзначыў журналіст Зміцер Панкавец, Эдуард Пальчыс на сваім прыкладзе паказаў, што беларускі нацыяналізм можа быць папулярным, блогер заахвочваў тысячы людзей спазнаваць гісторыю Беларусі, пераасэнсоўваць спадчыну і сучаснасць[22].

Спасылкі

Зноскі

  1. http://spring96.org/ru/news/85128
  2. http://nashaniva.by/?c=ar&i=179011&lang=ru ОБЩЕСТВО 17.10.2016 / 12:16 Эдуард Пальчис был степендиатом Президентского фонда http://nashaniva.by/?c=ar&i=179011&mo=7eaf20ee2516ca6747803e43d3e305557deacdaa&lang=ru
  3. https://news.tut.by/politics/516254.html Архівавана 5 лістапада 2016. Одаренный подсудимый. Эдуард Пальчис в школе получил личную награду от президента
  4. https://palitviazni.info/naviny/2016/11/22809
  5. https://news.tut.by/society/471565.html Создатель сайта 1863x.com заявил, что в Беларуси на него завели 2 уголовных дела, а сам он в Украине
  6. ИНТЕРВЬЮ «Сидеть лучше в России»
  7. https://naviny.by/rubrics/society/2016/06/14/ic_news_116_476597 Правозащитники требуют обеспечить права и гарантии задержанного редактора сайта 1863x.com
  8. http://udf.by/news/politic/143295-reportery-bez-granic-trebuyut-osvobodit-eduarda-palchisa.html Архівавана 24 студзеня 2021. «Репортеры без границ» требуют освободить Эдуарда Пальчиса
  9. https://eadaily.com/ru/news/2016/12/30/reportery-bez-granic-prizvali-minsk-osvobodit-arestovannyh-publicistov
  10. http://spring96.org/ru/news/85128 Эдуард Пальчис — политический заключенный. Совместное заявление правозащитных организаций
  11. http://humanrightshouse.org/Articles/21924.htm
  12. https://charter97.org/ru/news/2016/10/28/229226/ Эдуарда Пальчиса освободили в зале суда
  13. https://spring96.org/be/news/87707 Праваабаронцы ўстрывожаныя з нагоды хвалі пераатэстацый адвакатаў
  14. http://spring96.org/be/news/87809 Пераатэстацыя адвакатаў: першая ахвяра — Ганна Бахціна
  15. http://1863x.com/croud-for-1863x/ Год краудфандинга — подводим итоги и объявляем новый сбор средств!
  16. https://news.tut.by/economics/534008.html Архівавана 15 сакавіка 2017. Несколько сотен человек пришли на митинг против строительства в Куропатах
  17. https://www.svaboda.org/a/28670887.html Блогер Эдуард Пальчыс аштрафаваны на 460 рублёў за мітынг у Курапатах
  18. https://belprauda.org/zmitser-dashkevich-eduard-palchys-ashtrafavanyya-za-navedvanne-bara-chekist/ Зміцер Дашкевіч і Эдуард Пальчыс аштрафаваныя за наведванне бара «Чэкіст»
  19. https://spring96.org/be/news/89389 Збіраў подпісы ў падтрымку беларускай мовы? Атрымай 50 базавых!
  20. https://www.talaka.org/bnr100 #БНР100 — годна адзначым 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі
  21. ПАРК СОВЕТСКОГО ПЕРИОДА | Эдуард Пальчис (руск.)
  22. nashaniva.by
Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1990 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 28 кастрычніка
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лідзе