Шару́ха, дуплянка шэрая, млечнік звілісты (Lactarius flexuosus) — шапкавы базідыяльны грыб сямейства Сыраежкавыя (Russulaceae).
Шапка дыяметрам 5—10 (15) см, пукатая, потым лейкападобная, з хвалістым краем, слізістая, гладкая, з ледзь прыкметнымі канцэнтрычнымі зонамі, іржава-лілова-шэрая. Мякаць белая, шчыльная, з едкім млечным сокам, які на паветры не мяняе колеру. Пласцінкі прырослыя, зыходныя, патоўшчаныя, светла-жоўта-вохрыстыя. Ножка цыліндрычная, шчыльная, потым полая, аднаго колеру з шапкай. Споры шарападобныя, бародаўчатыя.
Пашыраны ў Еўразіі і Паўночнай Амерыцы. На тэрыторыі Беларусі трапляецца з ліпеня па верасень у лісцевых і мяшаных лясах.
Ядомы грыб.