Шарлота (поўнае імя фр.: Marie Charlotte Amélie Augustine Victoire Clémentine Léopoldine; 7 чэрвеня 1840 — 19 студзеня 1927) — прынцэса Бельгіі з Саксен-Кобург-Гоцкай дынастыі, пасля замужжа імператрыца-кансорт Мексікі.
Адзіная дачка караля Леапольда I і яго другой жонкі Луізы Арлеанскай, сястра Леапольда II і Філіпа Фландрскага. Яна была названа ў гонар першай жонкі Леапольда, прынцэсы Шарлоты Уэльскай, якая памерла пры родах. Прынцэса даводзілася стрыечнай сястрой каралеве Вялікабрытаніі Вікторыі і яе мужу герцагу Альберту, а таксама Фердынанду II Партугальскаму.
27 ліпеня 1857 года Шарлота ажанілася з аўстрыйскім эрцгерцагам Максіміліянам (1832—1867), малодшым братам імператара Франца Іосіфа[6]. Той прызначыў Максіміліяна віцэ-каралём Ламбарда-Венецыянскага каралеўства і пара некалькі гадоў правяла ў Італіі.
У 1863 годзе пры падтрымцы французскага імператара Напалеона III Максіміліян атрымаў тытул і карону Імператара Мексікі. Пасля прыбыцця ў Мексіку ў 1864 годзе пара каранавалася і засталася жыць у Мехіка, абраўшы як рэзідэнцыю Чапультэпекскі палац. Як імператрыца, Шарлота змяніла імя і стала звацца на іспанскі манер Карлотай. Пасля ўсяго некалькіх месяцаў пасля каранацыі Напалеон III вырашыў спыніць свой мексіканскі праект і Максіміліян пазбавіўся яго падтрымкі. Новы імператар сутыкнуўся з процідзеяннем з боку рэспубліканцаў і Злучаных Штатаў. Бачачы няўстойлівасць становішча, Шарлота вярнулася ў Еўропу, дзе паспрабавала знайсці падтрымку для мужа. Аднак яе высілкі былі марныя, у яе з’явіліся сімптомы шызафрэніі і моцны стрэс. У Мексіку яна так і не вярнулася. Сумныя весткі з Мексікі і няўдача місіі падарвалі здароўе Шарлоты, яна пакутавала на шызафрэнію і наступныя гады жыла пад наглядам урачоў у сваім замку пад Бруселем. Яна памерла так і не даведаўшыся, што ў 1867 годзе яе муж быў расстраляны[6].
Шарлота і Максіміліян не мелі дзяцей. У 1865 імперская пара ўсынавіла Агусціна і Сальвадора Ітурбідэ, унукаў былога імператара Мексікі Агусціна Ітурбідэ. Пасля падзення манархіі ўсынаўленне страціла сілу.
Па чутках, у 1866 годзе Шарлота сустракалася з бельгійскім афіцэрам Альфрэдам ван дэр Смісенсам і вынікам іх сувязі стала нараджэнне Максіма Вейгана. Сам Вейган, будучы французскі генерал, адмовіўся пацвердзіць ці аспрэчыць гэту інфармацыю.