wd wp Пошук:

Чоквэ

Чоквэ (саманазвы: Chibokwe, Kioko, Bajokwe) — народ на поўдні Цэнтральнай Афрыкі. Жывуць пераважна ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Анголе, Замбіі, Намібіі. Агульная колькасць (2017 г.) — 2 725 100 чалавек[1].

Гісторыя

Згодна паданням саміх чоквэ, першапачаткова яны з’яўляліся адным з высакародных кланаў лунда, што мігрыравалі з дзяржавы Лунда ў XVII ст. на захад. Прынята таксама думка, што чоквэ былі групай мбунда, падначаленай мігрантамі-лунда.

У другой палове XIX ст. набыццё агнястрэльнай зброі дазволіла чоквэ выйсці з падпарадкавання і пачаць паспяховую вайну супраць дзяржавы Лунда. У 1887 г. яны захапілі Мусумбу, сталіцу дзяржавы Лунда і стварылі сваю дзяржаву, разбураную у канцы XIX ст. бельгійцамі.

Культура

Асноўнымі заняткамі чоквэ здаўна з’яўляліся ручное земляробства і паляванне. Жывёлагадоўля адыгрывала другасны характар. У XVIII - XIX стст. яны адыгрывалі важную ролю ў арганізацыі пасрэдніцкага гандлю паміж лунда і партугальцамі, у тым ліку ўдзельнічалі ў гандлі рабамі. Традыцыйны від паселішча — родавая вёска каля ракі, што складалася з плеценых сямейных хацін з конусападобнымі дахамі і супольнай хаціны чота з вострым дахам.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай з’яўляўся род. Адлік сваяцтва вёўся адначасова па мужчынскай і жаночай лініям. Паколькі жанчыны апрацоўвалі зямлю, то паселішчы звычайна фарміраваліся па матчынай лініі. У часы існавання сваёй дзяржавы зямельныя межы паміж родамі ўсталёўваў манарх. Родам кіравалі старэйшыя мужчыны, але поруч існавалі аб’яднанні жанчын укуле, якія распараджаліся часткай жыцця абшчыны. Ваеннай справай кіраваў правадыр мвана нганга. Ён кантраляваў ваенныя сілы некалькіх абшчын. Асобнае месца займалі рамеснікі і мастакі. Яны падзяляліся на групы фулі і сонгі. Фулі знаходзіліся ў залежнасці ад манарха ці правадыра, а сонгі — ад абшчыны. Акрамя таго, сацыяльны статус чоквэ залежыць ад паходжання. Высакародныя чоквэ лічаць сябе нашчадкамі лунда, а нізкародных чоквэ — нашчадкамі заваяваных народаў.

Чоквэ шырока вядомы сваім мастацтвам, асабліва разьбярствам і пляценнем. Прыклады мастацтва:

Мова

Мова чоквэ належыць да групы моў банту. У Анголе мае афіцыйны характар. Тут быў распрацаваны пісьмовы стандарт на аснове лацінкі. З 2012 г. вывучаецца ў школах[2].

Рэлігія

Згодна старажытным уяўленням, сусвет быў створаны вярхоўнай істотай аларун, але ў ім кіруюць духі продкаў махамба, духі прыроды і злыя духі. Чоквэ верылі ў магію і чараўнікоў ванга. Лекаваннем і прадказаннямі займаліся вяшчуны нганга.

У XX ст. большасць вернікаў прынялі хрысціянства.

Зноскі

  1. Chokwe
  2. Chokwe language and pronunciation - Omniglot

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Народы Замбіі
Катэгорыя·Народы Афрыкі
Катэгорыя·Народы банту
Катэгорыя·Народы Анголы
Катэгорыя·Народы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга
Катэгорыя·Народы Намібіі