wd wp Пошук:

Чжу Сі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Чжу.

Чжу Сі ( кіт. спр. 朱熹 , піньінь: Zhū Xī; 18 кастрычніка 1130 — 23 красавіка 1200) — выдатны канфуцыянскі філосаф дынастыі Сун (960—1279), заснавальнік кітайскага неаканфуцыянства. Філосаф-энцыклапедыст, літаратар, тэкстолаг, каментатар старажытных тэкстаў. У гісторыі кітайскай думкі часта называюць другой па ўплывовасці фігурай пасля самога Канфуцыя; сучаснікі прылічалі яго ў шэрагу з Чжан Шы і Люй Цзуцянем да «трох мудрацоў з Паўднёвага Усходу». Прыхільнікам яго ідэй у Японіі быў Ямасакі Ансаі.

Жыццё

Паходзіў з сям’і вучонага-чыноўніка, з дзяцінства праявіў выдатныя здольнасці, пачаў атрымліваць класічную адукацыю у чатыры гады і ў незвычайна раннім узросце (18 гадоў) атрымаў найвышэйшую навуковую ступень цзінь шы, якая давала права заняць кіруючую адміністрацыйную пасаду[3][4].

Першым месцам дзяржаўнай службы Чжу Сі стаў павет Тун’ань на поўдні правінцыі Фуцзянь (1151—1158). Там ён памяняў падаткаабкладанне і паліцыю, палепшыў бібліятэку і школу, распрацаваў форму рытуалу, якая адсутнічала да яго[4]. Сваёй службай ва ўправе павета ён у 26 гадоў заслужыў такую павагу насельніцтва, што яму быў збудаваны алтар у мясцовай школе[3].

На погляды на Чжу Сі паўплываў мысліцель-канфуцыянец Лі Тун, якога Чжу Сі наведваў да свайго назначэння ў Тун’ань. У 1158 годзе ён наведаў Лі Туна зноў і правёў у навучанні з ім некалькі месяцаў у 1160 годзе[4].

У 33 гады Чжу Сі ўжо ўдастоіўся першай аўдыенцыі ў імператара і быў прызначаны прафесарам ваеннай акадэміі, аднак цераз два гады пакінуў гэтую пасаду. Нягледзячы на пастаяннае імкненне ўладаносных асоб прыцягваць яго да дзяржаўнай службы, ён рэгулярна адмаўляўся ад падобных прапаноў, аддаючы перавагу заняткам навуковай, літаратурнай і педагагічнай дзейнасцю[3].

Пасля 14 гадоў знаходжання ў адстаўцы ў 1178 годзе Чжу Сі вярнуўся ўсё ж на дзяржаўную службу. Будучы ў 1179—83 гадах начальнікам акругі Нанькан (у правінцыі Цзянсі), Чжу Сі адрадзіў шырока вядомую тады ў Кітаі школу «Бай-лу дун» («Пячора белага аленя»[en])[5]. Пасля неаднаразова, але ненадоўга прызначаўся на высокія адміністрацыйныя пасады.

Чжу Сі любіў голасна спяваць гераічныя песні пасля выпіўкі ў час баляў. Так у штодзённым жыцці прарываўся наверх яго бурны тэмперамент, які ў палітыцы выяўляўся ў непрымірымай пазіцыі ў адносінах да галоўнага тады ворага Кітая — чжурчжэньскай дзяржавы Цзінь. Гэта супярэчыла магістральнай лініі ўлады на супакаенне ваяўнічага суседа. У выніку Чжу Сі толькі 9 гадоў знаходзіўся на службе і 46 дзён пры двары ў якасці лектара. У 1195 годзе, прадчуваючы будучыя беды пасля напісання чарговага крытычнага дакладу трону, ён паваражыў па «Чжоў і», выпала гексаграма (гуа) № 33 Дунь (Уцёкі), — пазней ён уключыў яе ў свой псеўданім Дунь-вэн (Уцякаючы стары)[3].

Большую частку жыцця знаходзячыся ў адстаўцы, ён заўсёды жыў бедна і быў вымушаны зарабляць на жыццё кнігавыдавецкай дзейнасцю, якая не лічылася дастойным заняткам для канфуцыянца. Разам з тым такім чынам Чжу Сі дасягаў яшчэ адной мэты — максімальнай папулярызацыі сваіх ідэй. Чжу Сі быў адным з самых пладавітых аўтараў. Ён напісаў каля 80 твораў, яго захаваная эпісталярная спадчына ўключае ў сябе каля 2 тысяч пісем, а запіс яго дыялогаў, які складаецца са 140 раздзелаў, з’яўляецца самым вялікім у кітайскай літаратуры. У яго было 467 вучняў — больш, чым у любога іншага неаканфуцыянца. Ён заснаваў рэкордную колькасць навучальных устаноў і прымаў удзел у дзейнасці 21 акадэміі. Чжу Сі пакінуў нашчадкам вялізную колькасць каліграфічных надпісаў і сам быў адлюстраваны на шматлікіх партрэтах, выкананых на паперы і ў камені[3].

У 1196 годзе незалежныя паводзіны Чжу Сі, якія праявіліся, у прыватнасці, у невыкананні рытуальнага меню пры прыёме аднаго высокапастаўленага чыноўніка, справакавалі абвінавачванне філосафа адразу ў дзясятку злачынстваў: ад сыноўскай непачцівасці і непавагі да імператара да распаўсюджвання ерэтычных ідэй. У выніку ён быў пазбаўлены ўсіх чыноў і званняў, а яго вучэнне было забаронена. Аднак ў 1199 годзе, за год да смерці, Чжу Сі быў рэабілітаваны, у 1209 атрымаў ганаровае пасмяротнае імя Вэнь (Культура), ў 1230 годзе тытул Хуй-го-гун (дзяржаўны князь), У 1241 прылічаны к найвялікшым канфуцыянскім аўтарытэтам усталяваннем шыльды з яго імем у храме Канфуцыя beru, а з 1313 пры праўленні іншароднай (мангольскай) дынастыі Юань яго вучэнне было афіцыйна ўключана ў сістэму дзяржаўных экзаменаў на вучоныя ступені і чыноўніцкія пасады (кэ цзюй)[3].

Чжу Сі памёр 23 красавіка 1200 года ў Каоціне ў правінцыі Фуцзянь[6].

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 China Biographical Database
  3. 1 2 3 4 5 6 Кобзев А.И. Чжу Си // Духовная культура Китая: энциклопедия: в 5 т.. — Т. 1. Философия. — С. 593—596.
  4. 1 2 3 Encyclopædia Britannica Online, s. v. “Zhu-Xi”, accessed May 17, 2013
  5. Кучера С.. Чжу Си // Большая Советская Энциклопедия.
  6. Чжу Си // Энциклопедия Кругосвет.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Філосафы XII стагоддзя
Нарадзіліся 18 кастрычніка
Постаці канфуцыянства
Нарадзіліся ў 1130 годзе
Памерлі ў 1200 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без подпісу
Філосафы эпохі Сун
Філосафы Кітая
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Вучоныя Кітая
Памерлі 23 красавіка
Асобы
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных