wd wp Пошук:

Чарніла

Рознакаляровае чарніла і ручка з устаўным пяром
Гелевае чарніла

Чарніла — водны раствор якога-небудзь каляровага рэчыва, прызначанага для пісання.

Доўгі час (з найстаражытных часоў да сярэдзіны XIX стагоддзя) чарніла было асобным[1] ад пісчага інструмента матэрыялам для пісьма — яно захоўвалася ў спецыяльнай ёмістасці, чарніліцы, куды той, хто пісаў, мачаў кончык пяра ці расшчэпленай трысціны.

У наш час з чарнілам часцей за ўсё сутыкаюцца пры працы з пячаткамі і штампамі, механічнымі самапісцамі, пры пісьме аўтаручкамі. Асобна варта згадаць выяўленчае мастацтва і дызайнерскія працы, дзе чарніла можа выкарыстоўвацца для шматлікіх тэхнік рысунку і адціскання штампаў.

Да нашага часу таксама выкарыстоўваюцца пры афармленні асабліва важных дакументаў, напрыклад, у органах улады і ў натарыяце, чарніла для пісьма пяром, прыгатаваныя па адмысловых рэцэптурах.

У беларускай мове слова чарніла паходзіць ад слова чорны (як і ў шэрагу іншых моў: грэч.: Μελάνη, фінск.: musta, шведск.: bläck), але гэта слова вельмі рана падверглася дээтымалагізацыі: з глыбокай старажытнасці вядома чарніла розных колераў.

Зноскі

  1. строга кажучы, ужо ў старажытным Егіпце існавалі правобразы сучасных аўтаручак, якія ўключалі ў сябе металічны трубчасты рэзервуар для чарніла і расшчэпленую трысціну замест пяра, аднак, тады гаворка ішла толькі пра адзінкавыя, «падарункавыя» экзэмпляры.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Пісьмовыя прылады