wd wp Пошук:

Цэнтральная дэпутацыя Вялікага Княства Літоўскага

Цэнтральная дэпутацыя Вялікага Княства Літоўскага — выканаўчы паўстанцкі ўрадавы орган у Літве і заходняй Беларусі ў час паўстання 1794 г.. Дэпутацыя лічылася паўнамоцным прадстаўніцтвам Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і была цалкам падпарадкавана Т. Касцюшку, а намеснікі — самой дэпутацыяй.

У маі — пачатку чэрвеня 1794 г. адносіны паміж кіраўнікамі паўстання абвастрыліся. Пад націскам кансерватыўных сіл Т. Касцюшка 4 чэрвеня адхіліў ад улады кіраўніка паўстання ў Літве і Беларусі Я. Ясінскага як радыкала ў палітычных поглядах і мясцовага сепаратыста. Галоўнакамандуючым літоўска-беларускай паўстанцкай арміяй прызначаны няздольны генерал-лейтэнант М. Вяльгорскі. Найвышэйшая літоўская рада загадам Касцюшкі 10 чэрвеня распушчана, а замест яе ўтворана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ з больш памяркоўных дзеячаў. Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі[1].

Дэпутацыя знаходзілася ў Вільні, дзейнічала на тэрыторыі, занятай паўстанцамі. У пачатку жніўня 1794 г. перад заняццем Вільні расійскімі войскамі дэпутацыя падзялілася на 2 часткі: Марыконі, Мірскі і інш. выехалі з Вільні ў Гародню, другая частка — у Коўна. Там яны працягвалі ўрадавую дзейнасць. У пачатку верасня 1794 г. дзеячы дэпутацыі сабраліся ў Гародні, у пачатку кастрычніка 1794 г. пакінулі горад разам з войскамі, што адступілі ў Польшчу.

Склад

У склад дэпутацыі ўваходзілі 7 дэпутатаў і 28 намеснікаў, якія кіравалі аддзеламі і па чарзе ўзначальвалі дэпутацыю.

Зноскі

  1. Грыцкевіч, А. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі / Анатоль Грыцкевіч // Беларускі гістарычны часопіс. — 1994. — № 1 (5). — С. 44. Са спасылкай на: Mościcki, H. Generał Jasiński i powstanie kościuszkowskie / Henryk Mościcki. — Warszawa—Poznań: Gebethner i Wolff — M. Niemierkiewicz, cenz. 1917. — [4], 435, [1] s., [4] k. tabl.: il. — S. 227—229.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Паўстанне 1794 года