wd wp Пошук:

Хенамелес японскі

Хенамелес японскі[3], Айва́ японская (Chaenomeles japonica) — від раслін сямейства ружавых.

Апісанне

Нізкарослыя кусты вышынёй 0,6—1 м, часам да 2 м. Айва японская нізкая (айва Маўлея) — напаўсцелістая форма. Лісце шырокаадваротнаяйцападобнае завостранае або тупое, шчыльнае цёмна-зялёнае бліскучае зверху, даўжынёй 3—5 см, з вельмі буйнымі прылісткамі. У маі расліны ўкрываюцца яркімі вогненна-чырвонымі кветкамі. Цвіценне працяглае — каля 30 дзён. Плады масай 20—30 г, розныя па форме (пераважае яблыкападобныя), выспяваюць у верасні—кастрычніку. У спелым стане іх афарбоўка вар’іруе ад аранжавай ці жоўтай да зялёнай. Апушэння не маюць. Насенныя камеры вялікія, маюць шмат бліскучага прадаўгаватага карычневага насення (да 50—80 шт.), падобнага на насенне яблыні і грушы. Плады дробныя, у іх невялікі слой мякаці (гэтыя адзнакі моцна зменьваюцца і магчыма вывядзенне шляхам селекцыі больш буйнаплодных форм з тоўстым слоем мякаці). Мякаць пладоў сакаўная, вельмі кіслая (да 5 % арганічных кіслот з перавагай лімоннай). Цукроў мала — ад 0,8 да 2 %, а пекцінавых рэчываў значна больш, чым у іншых пладах і ягадах.

Распаўсюджанне

Радзіма — Усходняя Азія. Інтрадукавана ў Еўропе.

Сінаніміка

Агратэхніка

Добра расце і пладаносіць на дастаткова ўрадлівых і ўвільготненых сугліністых і супясчаных глебах са слабакіслай рэакцыяй асяроддзя. Айву японскую нізкую вырошчваюць на зацішных участках, здольных зімой назапашваць снег, які ў суровыя зімы ахоўвае ад вымярзання парасткі.

Схема пасадкі Зx0,5—1 м. У якасці саджанцаў выкарыстоўваюць 1—2-гадовыя сеянцы, выгадаваныя з насення, пасеянага восенню або вясной пасля 50—60-дзённай стратыфікацыі ў пяску пры тэмпературы 3—4 °C. Буйнаплодныя формы размнажаюць вегетатыўна — атожылкамі, каранёвымі парасткамі, зялёнымі чаранкамі. На 3—4-ы год яны пачынаюць плоданасіць. Лепшыя па якасці плады на галінах 3—4-гадовага ўзросту.

Міжрадкоўі ў пасадках айвы трымаюць пад чыстым папарам, а прыкуставыя палосы — у рыхлым і чыстым ад пустазелля стане. У першыя 2—3 гады пасля пасадкі міжрадкоўі можна займаць нізкарослай гароднінай.

Сфарміраваны куст павінен мець 10—15 рознаўзроставых галін: аднагадовых 3—5, двухгадовых 3—4, трохгадовых 3—4 і чатырох-пяцігадовых 2—3. Абрэзку кустоў праводзяць позняй восенню або ранняй вясной да пачатку набракання пупышак. Цалкам выразаюць галіны, якім больш за 5 гадоў, і якія адпладаносілі, замяняючы іх адпаведнай колькасцю моцных аднагадовых прыкаранёвых або коранеатожылкавых парасткаў. Адначасова выразаюць парасткі, што ляжаць на зямлі або растуць вертыкальна (яны звычайна падмярзаюць). Найбольш каштоўныя галіны і парасткі, якія на вышыні 10—40 см ад паверхні глебы прымаюць гарызантальнае становішча.

Захворванні

3 хвароб асабліва небяспечная пладовая гніль, якая пашкоджвае плады айвы ў перыяд паспявання.

Выкарыстанне

Дэкаратыўная і харчовая расліна. 3 айвы японскай гатуюць жэле і пахучае варэнне. Паколькі ў пладах шмат лімоннай кіслаты, гатуюць айву сырую, цёртую з цукрам, выкарыстоўваюць у чай замест лімона.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 35. — 160 с. — 2 350 экз.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Слівавыя
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Харчовыя расліны
Катэгорыя·Кусты
Катэгорыя·Дэкаратыўныя расліны