wd wp Пошук:

Французская геадэзічная экспедыцыя па выяўленні формы Зямлі

Французская геадэзічная экспедыцыя па выяўленні формы Зямлі — падарожжа французскіх навукоўцаў да экватара (1735—1742[1]) і палярнага круга (1736—1737[1]) з мэтай пацвердзіць або абвергнуць думку пра прыплюснутую форму Зямлі.

Прадгісторыя

Памераць даўжыню акружнасці Зямлі спрабавалі яшчэ старажытнагрэчаскія навукоўцы Эратасфен і Пталамей. Падобныя спробы былі і пазней, аднак, толькі ў XVII ст., калі новыя інструменты дазволілі выкарыстоўваць трыганаметрычныя метады, вымярэнні дугі мерыдыяна набылі навуковы характар. У 1615 годзе галандзец Снеліус вынайшаў метад трыянгуляцыі і з яго дапамогай памераў даўжыню мерыдыяна паміж Алькмарам і Бергенам, у 1635 годзе англічанін Рычард Норвуд памераў сегмент мерыдыяна паміж Лонданам і Ёркам, вядомы і іншыя аналагічныя вымярэнні. У 1671 годзе абат Жан Пікар правёў вымярэнні на шыраце Парыж—Ам’ен[2], гэтая праца кіравалася і фінансавалася Каралеўскай акадэміяй навук у Парыжы ў супрацоўніцтве з дырэктарам Абсерваторыі Жанам Дамінікам Касіні. Пазней вымярэнні прадоўжылі ў паўночным і паўднёвым кірунку Жакам Касіні, Жакам Філіпам Маральдзі, Філіпам дэ ла Гірам, у выніку быў намечаны Парыжскі мерыдыян[2]. Дзякуючы гэтаму даследаванню з’явілася магчымасць стварэння карты Францыі[1], вядомай як карта Касіні.[3]

У пачатку XVIII ст. даследаванні ў гэтай галіне астраноміі заахвочваліся бурнымі дыскусіямі вакол апублікаваных у 1687 годзе «Пачаткаў» Ньютана. У 1671 годзе французскі астраном Жан Рышэ, знаходзячыся ў сталіцы Гвіяны Каене, быў вымушаны прыблізна на 3 мм паменшыць даўжыню маятніка, каб ён дакладна адлічваў секунды. Апісаная Рышэ анамалія ў зямным прыцягненні скіравала Ньютана да думкі, што Зямля мае форму няправільнага шара, успучанага на экватары і прыплюснутага каля полюсаў. Гіпотэзу Ньютана аспрэчвалі паслядоўнікамі Дэкарта — картэзіянцы, толькі эксперыментальная праверка магла пакласці канец навуковым спрэчкам.[3]

Арганізацыя экспедыцыі

У 1732 годзе паслядоўнік Ньютана П’ер-Мары Маперцюі сваім дакладам «Пра законы ўсясветнага прыцягнення» справакаваў вострыя спрэчкі паміж навукоўцамі — «кансерватарамі» і «наватарамі». У дэбатах вакол формы Зямлі «партыя ньютонаўцаў» пайшла супраць аўтарытэта Жака Касіні, сына Жана-Дамініка Касіні. Урэшце, дзяржаўны сакратар Марскога ведамства і ганаровы члены Акадэміі навук, граф Жан Фрэдырык Марэпа, упэўніў караля Людовіка XV, што развязанне спрэчнага пытання мае важнае значэнне для французскай навукі і ўзніме яе прэстыж.[3]

Марэпа ў 1734 годзе дамогся фінансавання двух экспедыцыі, якія мусілі зрабіць неабходныя вымярэнні. Параўнанне градуса памеранага на палярным крузе з градусам памераным на экватары ўстановіць навуковую ісціну — калі зямны шар успучаны на экватары і прыплюснуты ў полюсаў, як сцвярджае Ньютан і яго прыхільнікі, то палярны градус будзе карацей за градус на тэрыторыі Францыі, а экватарыяльны — даўжэй.[3]

Першая экспедыцыя, пад кіраўніцтвам акадэміка Луі Гадэна, 16 мая 1735 года пакінула Ла-Рашэль і скіравалася ў іспанскія ўладанні ў Перу, дакладней — да Кіта (цяпер сталіца Эквадора). Другая экспедыцыя, пад кіраўніцтва самога Маперцюі, 2 мая 1736 года пакінула Дзюнкерк і скіравалася ў шведскую Лапландыю.[3]

Лапландская экспедыцыя

Карта трыянгуляцыйных вымярэнняў у Лапландыі.

У лапландскую экспедыцыю ўваходзілі П. Маперцюі, Ш. Камюз, А. Клеро, а таксама шведскі фізік А. Цэльсій. Метадам трыянгуляцыі была памерана дуга мерыдыяна даўжынёй 57'30" пад сярэдняй шыратой каля 66°19’. Паводле гэтага мерання даўжыня дугі градуса мерыдыяна атрымалася роўнай 57 422 туазам. Гэтая лічба вымусіла Жака Касіні, ратуючы прэстыж, не чакаючы вынікаў перуанскай экспедыцыі часткова праверыць свае градусныя меранні ва Францыі — зноў былі памераны базы і вызначаны астранамічныя шыроты на канечных пунктах градуснага мерання, вынік атрымаўся ў 57 084 туазы, што даказвала прыплюснутую форму Зямлі. Не гледзячы на тое, што вынікі лапландскай экспедыцыі даказвалі прыплюснутасць яны былі з вялікай памылкай — паводле іх прыплюснутасць атрымалася роўнай 1:214. Паводле ж перуанскіх вынікаў — 56 748 туазаў, якія атрыманы незалежна двума групамі даследчыкаў, прычым на дузе мерыдыяна ад 0°2'30" паўночнай шыраты да 3°4'30" паўднёвай шыраты (т.б. на даўжыні больш за 3°, што ў 3 разы перасягае лапландскія меранні), велічыня прыплюснутасці атрымалася роўнай 1:314. Вынікі лапландскай экспедыцыі з-за іх памылковасці пазней пакідалі па-за ўвагай.[1]

Перуанская экспедыцыя

Перуанская экспедыцыя, стартавала на парусным транспартным судне «Насільшчык», складалася з дзесяці ўдзельнікаў, чацвёра з якіх былі акадэмікамі — кіраўнік экспедыцыі Луі Гадэн, матэматык і астраном П’ер Бугер, географ Шарль Мары дэ ла Кандамін і ўрач-натураліст Жазеф Жусьё[1]. У склад экспедыцыі памочнікамі ўваходзілі тэхнікі, інжынеры, быў сярод удзельнікаў і хірург. 22 чэрвеня 1735 года судна з навукоўцамі дасягнула вострава Марцініка, дзе Кандамін ледзь не загінуў ад жоўтай ліхаманкі. Пасля Марцінікі экспедыцыя даплыла да Санта-Дамінга (цяпер сталіца Дамініканы) і затрымалася там на тры з паловай месяцы, чакаючы іспанскага судна, якое мусіла перавезці навукоўцаў да калумбійскай Картахены. Урэшце, насуперак дагавору іх узяла на борт французская брыганціна «Ястраб», і да Картахены яны трапілі 16 лістапада 1735 года, праз шэсць месяцаў па адпраўленні з Францыі. Экспедыцыя прабыла ў Картахене тыдзень, недаверлівая іспанская адміністрацыя далучыла да яе двух афіцэраў — Хорхэ Хуана-і-Сантасілья і Антоніа дэ Ульёа, якім было даручана сачыць за дзейнасцю навукоўцаў і яны не пакідалі экспедыцыю да яе заканчэння. Неўзабаве экспедыцыя дабралася да Портабела і перайшоўшы перашыек дасягнула Панамы, а 10 сакавіка 1736 года была ўжо на ціхаакіянскім узбярэжжы Эквадора — у Манце, на ўзроўні экватара. Такім чынам, экспедыцыі спатрэбілася дзесяць месяцаў, каб дасягнуць месца сваіх работ.[3]

Вялікая працягласць усіх этапаў экспедыцыі — першая характэрная рыса гэтага мерапрыемства. Другая — надзвычай складаны ўчастак зямной паверхні, што ўскладнялася і няўстойлівасцю мясцовага клімату. Даследчыкі апынуліся ў Андах, на вышыні 4 000 метраў над узроўнем мора, дзе людзі сустракаліся наогул рэдка, а дужа перасечаны рэльеф мясцовасці ўскладняў правядзенне трыянгуляцыйных вымярэнняў. Жыццё ўдзельнікаў экспедыцыі праходзіла ў экстрэмальных умовах — з аднаго боку, рэзкія перапады тэмпературы цягам некалькіх дзён адмоўна ўплывалі на фізічны стан навукоўцаў; з другога, ім было цяжка без падрыхтоўкі процістаяць такім прыродным з’явам, як снежныя ўраганы і землетрасенні; з трэцяга, ім дакучалі рэптыліі і атрутныя насякомыя. Трэцяя рыса — аддаленасць ад радзімы. Лісты з Перу ў Парыж або Мадрыд ішлі мінімум год. Такім чынам экспедыцыя не магла разлічваць на падтрымку Версаля, дзе да таго жа хацелі забыцца на яе, а грошы адпраўлялі вельмі нерэгулярна. Дапамога ад іспанскага караля была яшчэ ненадзейней — амерыканскія калоніі Іспаніі былі фактычна аўтаномныя і даследчыкі жылі за кошт міласці мясцовых губернатараў, недаверлівых і не прыхільныя да супрацоўніцтва. Навукоўцы на ўласным досведзе спасціглі ўласцівасці каланіяльнага грамадства, дзе ўлада ў значнай ступені належала мясцовым інстытутам, дзе пасланцы метраполіі трывала сапернічалі з крэольскай элітай, жыццё ж індзейцаў было вартым жалю, што рабіла іх паводзіны непрадказальнымі, а выкарыстанне іх у якасці насільшчыкаў і гідаў — сумнеўным.[3]

Кажучы пра асаблівасці перуанскай экспедыцыі, трэба адзначыць несумяшчальныя характары яе ўдзельнікаў. З-за зайздрасці і рэўнасці паміж імі трывала ўзнікалі сваркі, даходзіла да адкрытай варожасці. Гадэн быў несумленным кіраўніком, крадзяжы і прыўлашчэнне ім грошай дасланых з Парыжу былі выкрыты. Пагатоў, ва ўласных мэтах ён завязаў сумнеўныя кантакты з Вялікабрытаніяй, калі тая пачала вайну з Іспаніяй і Францыя разарвала з ёю дыпламатычныя адносіны. Нязгода, якая панавала ў экспедыцыі, вырасла ў адкрыты канфлікт. Бугер і Кандамін лічылі, што вымярэнні мэтазгодна пачаць з раўніннага ўчастка — з узбярэжжа, а Гадэн настойваў на правядзенні работ на шыраце Кіта. Група раскалолася — Гадэн адправіўся ў Гуаякіль, пакінуўшы ў Манце Кандаміна і Бугера. Але апошні захварэў і далучыўся да кіраўніка экспедыцыі. Урэшце першым да Кіта дабраўся Кандамін, пераадоўлешы шмат цяжкасцей, ён трапіў туды 22 мая 1736 года.[3]

Нягледзячы на неспрыяльныя абставіны, навукоўцы не згубілі энтузіязму, і восенню 1736 года пачалі сур’ёзную работу. Перад тым як узяцца непасрэдна за вымярэнні, трэба было стварыць на ўчастку прамалінейную базу. На папярэдне падрыхтаваную і выраўняную паверхню зямлі ўкладваліся драўняныя шасты, эталаніраваныя паводле прывезенага з Парыжу металічнага туаза. Змены тэмпературы і вільготнасці паветра ўплывалі на надзейнасць шастоў, базу даводзілася пастаянна выпраўляць і ўдакладняць. Каб забяспечыць верагодны вынік, дзве брыгады працавалі паралельна, незалежна адна ад другой. Калі яны супаставілі дадзеныя, выявілася, што на ўчастку даўжынёй у дванаццаць кіламетраў розніца складае каля дванаццаці сантыметраў. Нягледзячы на ўсе нягоды, патрабавальнасць як да арганізацыі даследаванняў, так і да іх вынікаў заўсёды заставаліся ў цэнтры ўвагі экспедыцыі. Дабіўшыся дакладнай базы, навукоўцы ўзяліся за трыянгуляцыю. Гэта складаная работа зацягнулася на тры гады, праходзіла ў найцяжкіх умовах, з прапажай абсталявання, адмовай гідаў, хваробамі і звадамі ўдзельнікаў экспедыцыі. Да гэтага дадалася збянтэжвальная вестка з Францыі, у 1737 годзе каманда навукоўцаў, якая адпраўлялася ў Лапландыю на чале з Маперцюі, вярнулася ў Парыж з доказамі прыплюснутасці Зямлі на полюсах — мэтазгоднасць працягваць работы на экватары, быццам, рабілася сумнеўнай. Гэтым пытаннем задаваліся ў Версалі, адкуль Марэпа вымагаў паскарэння даследаванняў і грошы для экватарыяльнай экспедыцыі паступалі ўсё меней рэгулярна. Удзельнікі экватарыяльнай экспедыцыі, захопленыя пачатай справай, вырашаюць працягваць работы, чаго б гэта і ні каштавала. Вымярэнні былі праведзены з дзіўнай дакладнасцю і скончаны ў 1740 годзе.[3]

Жыццё ўносіла папраўкі, часам трагічнага характару. У канцы 1737 года памочнік географа Купле памёр ад жоўтай ліхаманкі. Кандамін, які цаніў уласныя выгоды не менш за пунктуальнасць у навуцы, зблізіўся з пэўнымі знатнымі крэоламі і заняўся перапраўкай драгацэннасцей, на чым нажыў не малое багацце, але гэта ўрэшце прычынілася шэрагу судовых разбіральніцтваў. Гадэн-малодшы, пляменнік Луі Гадэна, тэхнічны памочнік экспедыцыі, закахаўся ў маладую крэолку, ажаніўся з ёю і кінуў каманду. Хірург экспедыцыі Сіньерг таксама праславіўся прыгодамі. Закаханы ў мясцовую куртызанку, ён стаў ахвярай помсты яе раўнівага іспанскага сябра, быў забіты ў Куэнка летам 1739 года. Жазеф Жусьё, чалавек непастаяннага характару, пакінуў экспедыцыю і самастойна заняўся вывучэннем асаблівасцей мясцовай прыроды. Жусьё сабраў унікальную дакументацыю па батаніцы, заалогіі і нават этнаграфіі. Да ўсяго праблемы ў зносінах са Старым Светам, звязаныя з пачаткам у 1739 годзе англа-іспанскай вайны, значна абвастрыліся, калі ў сакавіку 1744 года Францыя ўцягнулася ў вайну за аўстрыйскую спадчыну.[3]

Тым часам навуковая праца падышла да фінальнай стадыі. Засталося дакладна ацаніць шырату двух канцоў вымеранага ўчастка дугі. Для гэтага выбіралі зорку і вылічвалі вугал яе нахілу да зеніту пры ўмове, што вяршыня вугла змяшчалася пачаргова ў кожным з двух канцоў даследаванага ўчастка. Аднак, ад моманту расколу экспедыцыі ў 1740 годзе, каманды Гадэна фактычна не існавала — Гадэн працаваў самастойна і адмаўляўся паведамляць свае вынікі. Бугер і Кандамін праводзілі незалежныя назіранні і сутыкаліся з аналагічнымі цяжкасцямі — з-за лагістычных праблем і прыродных умоў выходзілі са строю інструменты, іх перыядычна даводзілася карэктаваць і правяраць слушнасць паказанняў. Астраномы таго часу добра вылічалі схіленне зорак, ім была вядома прэцэсія (звязаная с павольным паваротам у прасторы зямной восі), але шэраг з’яў заставаліся яшчэ невядомымі — нутацыю (невялікія ваганні зямной восі, якія тыражаюцца на прэцэсійны рух) выявілі толькі ў 1748 годзе. Таму вынікі атрыманыя двума навукоўцамі за год назіранняў значна адрозніваліся. Кандамін прапанаваў калегу прыняць сярэдняе значэнне, замест правядзення даследаванняў і цяжкіх прац зноў. Бугер абурыўся і абвінаваціў Кандаміна ў падробцы. Гэтых два чалавека былі вельмі розныя, у т.л. характарам і тэмпераментам. Кандамін, географ па адукацыі, цікаўны авантурыст і фантазёр, а Бугер, уніклівы да маніякальнасці матэматык, для якога дакладнасць была перад усім. Такім чынам, не дамовіўшыся пра адзін метад, Бугер і Кандамін пасварыліся і разышліся назаўсёды.[3]

Урэшце, мінула восем гадоў па адбыцці экспедыцыі з Ла-Рашэлі, але казаць пра яе як адзіную каманду даўно не выпадала. Гадэн, давер да якога ў Парыжы быў падарваны растратамі, вырашыў застацца ў Перу выкладчыкам ва Універсітэце Сан-Маркас у Ліме. Гэта груба парушала правілы Акадэміі навук, яе членам забаранялася выкарыстоўваць свае веды за мяжой, апроч экспедыцый і камандзіровак ініцыяваных самой Акадэміяй. Бугер праводзіў другую серыю даследаванняў асобна ад Кандаміна і цяжка захварэў. Ледзь ачуняўшы Бугер даведаўся пра з’яўленне ў Кіта невылечна хворага Жазефа Жусьё, спалохаўся і вырашыў вярнуцца ва Францыю нікога не папярэдзіўшы. Бугер 20 лютага 1743 года адправіўся наземным шляхам у Картахену, куды дабраўся на пачатку лета і пражыў 9 месяцаў, перад тым як сабрацца ў марское падарожжа ў складаным ваенна-палітычным становішчы. Урэшце ён высадзіўся ў Брэсце і быў у Парыжы 27 чэрвеня 1744 года. Становішча французаў, якія заставаліся ў Перу, было вельмі хісткім — цяпер кожны адказваў за сябе сам. Неўзабаве Гадэн у Перу даведаўся, што Каралеўская Акадэмія навук выключыла яго з ліку сваіх членаў, бо дзякуючы Бугеру ў інфармацыі пра непрыстойныя справы Гадэна з’явіліся дадатковыя падрабязнасці і цярпенне акадэмікаў скончылася. Удзельнікі экспедыцыі інжынеры Гюго, Марэнвіль і Верген трапілі ў цяжкае фінансавае становішча і вымушаны былі брацца за кожную працу, каб зарабіць грошай для вяртання на радзіму. Менавіта таму Гюго ўзяўся парамантаваць куранты ў Кіта, якія выйшлі са строю з-за землетрасення, зваліўся з рыштаванняў і загінуў. У сакавіку 1743 года Кандамін атрымаў ліст ад Бугера пра адбыццё ва Францыю. Падумаўшы, што калега прыўлашчыць поспех агульнай працы і праславіцца, Кандамін таксама думаў толькі пра вяртанне.[3]

Кандамін спяшаўся і ўжо ў маі 1743 года пакінуў Перу. Але замест таго, каб рухацца тым жа шляхам, што і Бугер і, мабыць, нават нагнаць яго, цікаўны географ выбраў іншы маршрут — ён вырашыў перасячы кантынент уздоўж цячэння Амазонкі, а потым скіравацца да французскага порта Каены — нечуваную справу, якую Кандамін падрыхтаваў з іспанскім крэолам Педра Мальданада і яго сябрамі і да якой мусіў далучыцца інжынер Марэнвіль. Падарожнікі спусціліся па ўсходнім схіле Анд, паглыбіліся ў некрануты лес і 5 ліпеня 1743 года дасягнулі верхняга цячэння Амазонкі. Яны спазналі шмат выпрабаванняў, ледзь не згубілі чамадан з навуковай дакументацыяй, але самым прыкрым было тое, што Марэнвіля не было ў вызначаным для сустрэчы месцы — давялося працягваць падарожжа без яго, інжынер знік у джунглях назаўсёды. Падчас падарожжа па рацэ, якое доўжылася два месяцы, навукоўцы зрабілі шмат цэнных назіранняў, менавіта тады Кандамін пазнаёміўся з незвычайна эластычнай гумай, якою карысталіся індзейцы — каўчукам, узоры якога навуковец прывёз у Еўропу. Падарожнікі прыбылі 27 верасня 1743 года ў порт Пары ў вусці Амазонкі. Кандамін вырашыў дабірацца да Каены водным шляхам, яго шлюпка заблукала ў лабірынце дэльты Амазонкі, навуковец з’явіўся ў Гвіяне толькі 26 лютага 1744 года. Трэба было знайсці судна, якое б плыла ва Францыю, але ішла вайна і ў акіяне было шмат карсараў. Навуковец чакаў, працягваючы свае навуковыя назіранні і вопыты. Урэшце восенню 1744 года Кандамін сеў на галандскае судна, якое плыла ў Амстэрдам, дзе ён высадзіўся 30 лістапада 1744 года.[3]

Такім чынам, Бугер прыбыў у Парыж на пяць месяцаў раней за Кандаміна. У Гаазе Кандамін з французскіх газет даведаўся, што на штогадовым сходзе Каралеўскай акадэміі навук Бугер выступіў з дакладам пра экспедыцыю ў Перу, увесь Парыж толькі пра яго і гаворыць, Бугер быў героем дня. Кандамін палічыў сябе несправядліва абойдзеным і абрушыў на калегу ўвесь свой гнеў. Але ў лістах, якія Кандамін атрымліваў з Францыі (у т.л. ад Вальтэра) не было і намёку на здраду Бугера, наадварот, у іх сітуацыя давалася ў светлых колерах — Бугер дыпламатычна не ўспамінаў Гадэна, а ў адрас Кандаміна сыпаў пахвалы. Аднак Кандамін заставаўся непахісным і заўсёды шукаў прычыны для сваркі з Бугерам. Нягледзячы на трыўмфальны прыём аказаны Кандаміну па вяртанні ў Парыж, ён з Бугерам заставаўся ворагам і палемізаваў да самай смерці апошняга ў 1758 годзе.[3]

Пасля ад’езду Бугера і Кандаміна ў Перу засталіся толькі Гадэн і Жусьё. У 1745 годзе Жусьё дабіўся ад Версаля грашовай сумы, неабходнай для вяртання на радзіму. У канцы кастрычніка 1746 года, калі Гадэн і Жусьё перад ад’ездам знаходзіліся ў Ліме, адбылося моцнае землетрасенне, якое разбурыла сталіцу віцэ-каралеўства і порт Кальяа. Ад’езд навукоўцаў быў адкладзены, бо віцэ-кароль загадаў, каб яны ўдзельнічалі ў аднаўленні і забеспячэнні горада. Толькі ў жніўні 1748 года Гадэн і Жусьё здолелі пакінуць Ліму і вырашылі следам Кандаміна перасячы кантынент да атлантычнага ўзбярэжжа, але не цячэннем Амазонкі, а па бразільскім плато. Ужо на пачатку гэтага падарожжа ў ваколіцах Куска і возера Ціцікака Жусьё сабраў багатую батанічную калекцыю, але пасля Ла-Паса яго планы нечакана змяніліся — ён адмовіўся працягваць падарожжа і заняў пасаду дырэктара сярэбраных прыіскаў у Патасі (цяпер Балівія).[3]

Урэшце Гадэн дабраўся да Рыа-дэ-Жанэйра, з-за таго што Каралеўская Акадэмія адмовілася ад яго, застаўся зусім без сродкаў, не меў пашпарта, браўся за выпадковую працу каб выжыць і ў такім становішчы знаходзіўся да 1751 года, калі партугальскае судна перавезла яго ў Лісабон. Апошнія гады жыцця Гадэн жыў у Іспаніі, быў прафесарам у Кадысе. Аднак яго маральны дух быў зламаны шматлікімі неладамі, ён цалкам страціў надзею на публікацыю сваёй працы па перуанскай экспедыцыі і ў 1760 годзе памёр. Жусьё, уражаны на прыісках у Патасі невыноснымі ўмовамі працы і жыцця людзей, чатыры гады займаўся лячэннем індзейцаў. Хворы, усімі забыты, знясілены дваццаццю гадамі экспедыцыі ў месцах з нездаровым кліматам, ён заўчасна састарыўся, страціў памяць і мову. У 1771 годзе спачувальныя яму людзі ў Кіта пераправілі яго ў Гуаякіль і пагрузілі на судна да Панамы. Сам Жусьё нічога з гэтага не разумеў, ва Францыі яго падабраў пляменнік — Антуан-Ларан Жусьё, у якога навуковец і памёр у 1779 годзе. Занепакоеныя толькі фізічным станам Жусьё, сябры ў Гуаякіле нават не падумалі пра яго багаж і вялікую колькасць чамаданаў, дзе захоўвалася бясцэнная дакументацыя. Калі з Францыі папрасілі адправіць гэтыя чамаданы, то на месцы ніхто не ведаў дзе яны знаходзяцца — так знікла праца жыцця навукоўца.[3]

Вынікі навуковай экспедыцыі на экватар выйшлі далёка за межы пастаўленых задач. Адказ на пытанне пра форму Зямлі, якога чакалі ад перуанскай экспедыцыі 1735 года, быў атрыманы па вяртанні Маперцюі з Лапландыі ў 1737 годзе. Такім чынам, Бугер і Кандамін толькі пацвердзілі ўжо вядомае. Праведзеныя імі разлікі былі выкарыстаны пазней, з іх дапамогай падчас Французскай рэвалюцыі была ўстаноўлена даўжыня метра. Экватарыяльная экспедыцыя прынесла шмат рознабаковай інфармацыя, якая ўзбагаціла астраномію, картаграфію, этнаграфію і іншыя навукі. Кандамін склаў першую параўнальна дакладную карту Амазонкі, упершыню апісаў спосабы вытворчасці каўчукавых вырабаў, невядомых у Еўропе. Яркая індывідуальнасць Кандаміна, яго ўменне паводзіць сябе з людзьмі, а таксама даўгалецце (памёр у 1774 годзе ва ўзросце 73 гадоў) застаюцца і цяпер сімвалам удалага навукоўца. Кандамін быў выбраны ганаровым членам Балонскай, Берлінскай, Лонданскай і Пецярбургскай акадэмій, яго імя асацыіруецца з фантазіяй і авантурай, засланіла Бугера, не кажучы пра забытага Гадэна.[3]

Паводле маштабаў мэт і інтэнсіўнасці навуковых даследаванняў экспедыцыя была выключнай для свайго часу, а ўлічваючы падтрымку праекта дзяржавай, яе можна назваць сімвалам навуковай дзейнасці ХVIII ст. Мабыць таму праз гады ўдзел дзяржавы ў навуковых экспедыцыях стане звычайным і сыграе вялікую ролю ў вядомых падарожжах Джэймса Кука, Луі Антуана дэ Бугенвіля, Жана-Франсуа дэ Лаперуза, па даследаванні Ціхага акіяна. Характарызуючы экспедыцыю варта адзначыць рысу, якая застаецца актуальнай і цяпер — пераход ад звычайнай цікаўнасці да рацыянальнага даследавання, дзе дакладнасць вынікаў мае першаступенную значнасць.[3]

Памяць

Манумент з музеем унутры і алея мемарыяла.

У Эквадоры на экватары ў памяць экспедыцыі створаны мемарыял «Ciudad Mitad del Mundo»[en], які ўключае алею з бюстамі навукоўцаў, этнаграфічны музей і інш.

У 1986 годзе ў Францыі выпушчана паштовая марка ў гонар 250-годдзя экспедыцыі. На марцы злева ў агульным картушы партрэты Маперцюі і Кандамін, справа — секстант. Кошт маркі — 3 франкі. Таксама выпускаліся маркі ў памяць асобна лапландскай часткі экспедыцыі.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Изотов А. А. Форма и размеры… С. 19.
  2. 1 2 Изотов А. А. Форма и размеры… С. 18.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 Ропер А. Экспедиция к экватору…

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Падарожжы
Катэгорыя·Гісторыя геаграфіі