Франсуа-Жазеф Тальма (фр.: François-Joseph Talma; 15 студзеня 1763, Парыж, Францыя — 19 кастрычніка 1826, Парыж, Францыя) — французскі акцёр, рэфарматар тэатральнага мастацтва.
Дзяцінства і юнацтва Тальма правёў у Лондане, дзе пазнаёміўся з драматычнымі творамі Шэкспіра. Вярнуўшыся ў Францыю, вучыцца ў Каралеўскай школе дэкламацыі і спеваў. У 1787 годзе залічаны ў трупу тэатра Камеды Франсэз. З пачаткам Вялікай французскай рэвалюцыі «Камеды Франсэз» распаўся і на яго месцы паўстаў новы «Тэатр Нацыі». У 1791 годзе рэвалюцыйным урадам прымаецца Дэкрэт аб свабодзе тэатраў. У «Тэатры Нацыі» паўсталі 2 групоўкі акцёраў, так званая «чорная эскадра», якая стаяла на кансерватыўных пазіцыях, і «чырвоная эскадра», якая прапагандавала рэвалюцыйны класіцызм, якую ўзначальваў Тальма. Неўзабаве адбыўся разрыў, і адразу пасля прыняцця Дэкрэта група Тальма сышла з «Тэатра Нацый» і ўтварыла свой «Тэатр Рэвалюцыі», які Тальма і ўзначаліў.
Будучы выдатным прадстаўніком класіцызму на сцэне, Тальма ўнёс у яго і шмат новага. Так, граючы Карла IX у аднайменнай п’есе Шэн’е, акцёр адмаўляецца адлюстроўваць свайго героя звычайным тыранам — як гэта было прынята ў сучасным яму тэатры. Тальма імкнецца зазірнуць у душу каралю, паказаць усю шматграннасць гэтага чалавека.
У стварэнні артыстычнага гардэроба аказаў дапамогу яго сябар — мастак Луі Давід.