wd wp Пошук:

Фема Нікопаліс

Фема Нікопаліс (грэч.: θέμα Νικοπόλεως) — візантыйская фема (адміністрацыйна-прававое ўтварэнне), размешчаная на тэрыторыі заходняй Грэцыі, якая ўключала ў свой склад Этолію і Акарнанію, а таксама паўднёвы Эпір. Заснаваная ў другой палове IX стагоддзя, яна праіснавала аж да падзелу Візантыйскай імперыі ў 1204 годзе ўдзельнікамі Чацвёртага крыжовага паходу.

Гісторыя

У VII стагоддзі Эпір засялілі славяне, але неўзабаве візантыйцы зноў элінізавалі гэту вобласць[1].

Дакладная дата заснавання фемы невядомая, верагодна яна з’явілася ў перыяд паміж 843 і 899 гадамі, калі яна ўпершыню згадваецца ў Клітаралогіі Філафея. Найбольш магчымым часам з’яўлення Нікопаліса лічыцца кіраванне Льва VI Мудрага (кір. 886—912).[2][3]

Візантыйская Грэцыя ў 900 годзе

Каля 930 года фема была часова захоплена балгарамі, якія зноў напалі ў 980 годзе, і захапілі яе большую частку. Васіль II змог вярнуць аднятыя ўладанні, але Охрыдская архіепархія стала падпарадкоўвацца Балгарскаму патрыярхату. Імператар таксама заснаваў некалькі невялікіх фемы ў раёне Каланеі і Дропула.[4] У 1040 годзе з-за карупцыі і высокіх падаткаў мясцовае насельніцтва далучылася да паўстання Петара Дэляна.[2][5]

У канцы XI стагоддзя фема пацярпела ад нарманаў: Арта падверглася аблозе, а Яніна была захоплена Раберам Гвіскарам.[6]

Пасля захопу Канстанцінопаля ў 1204 годзе, фема Нікопаліс і большая частка Эпіра адышлі да Венецыянскай рэспублікі, але тая не паспела зацвердзіць тут сваю ўладу. Незаконнанароджаны сын севастакратара Іаана Дукі Міхаіл Камнін Дука ажаніўся з дачкой намесніка Нікопаліса, і да 1214 года заснаваў Эпірскае царства.[2][7]

Геаграфія і кіраванне

Да канца IX стагоддзя фема знаходзілася на тэрыторый сучаснага грэчаскага нома Этолія і Акарнанія і большая частка Эпіра да Бутрынці. На захадзе Нікопаліс межаваў з фемай Элада, магчыма па рацэ Морнас і заходнім хрыбтам гор Пінда[8], а на поўначы — з фемай Дырахій.

Сталіцай фемы быў не разбураны падчас славянскіх і арабскіх набегаў Нікопаліс, а Наўпакт[9], а сама яна была падзелена на турмы. Нікопаліс быў асноўнай базай на Адрыятычным моры, і ў тут знаходзіліся атрады марской пяхоты са сваім катэпанам.[2] У IX—X стст. узброеныя сілы рэгіёна складалі 1 000 пехацінцаў.[10]

Зноскі

  1. Soustal & Koder 1981, pp. 50–52
  2. 1 2 3 4 Kazhdan 1991, p. 1485.
  3. Soustal & Koder 1981, p. 53.
  4. Soustal & Koder 1981, pp. 54–55.
  5. Fine 1994, p. 205; Soustal & Koder 1981, p. 55.
  6. Soustal & Koder 1981, p. 56.
  7. Soustal & Koder 1981, pp. 59–61.
  8. Pertusi 1952, p. 176.
  9. Soustal & Koder 1981, pp. 53–54.
  10. Treadgold 1995, pp. 67, 76, 110.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Візантыйскія фемы
Катэгорыя·Адміністрацыйны падзел Візантыі