Уры Гіршавіч Фінкель (8 кастрычніка 1896, Ракаў, Валожынскі раён, Мінская вобласць — 5 снежня 1957) — беларускі крытык, літаратуразнавец.
Нарадзіўся ў сям’і разніка.
Вучыўся ў політэхнічным вучылішчы ў Харкаве (1915-1917), на філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта (1918-1919). Удзельнічаў у грамадзянскай вайне як палітработнік. Працаваў інструктарам у Наркамасветы РСФСР. З 1921 г. - літработнік выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, з 1922 г. - у рэдакцыях газет у Мінску. У 1926 г. здаў экстэрнам экзамены на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ, у 1931 г. скончыў аспірантуру пры АН БССР. У 1930-1938 гг. выкладаў у Мінскім педінстытуце. Падчас вайны быў эвакуіраваны. У 1949-1953 гг. выкладаў у Ракаўскай дзесяцігодцы рускую літаратуру. Апошнія гады пражыў у Мінску.
Друкавацца пачаў у 1918 г. Пісаў пераважна на мове ідыш. Аўтар біяграфічных кніжак пра класікаў яўрэйскай літаратуры «А. Гольфадэн» (з Н. Айслендарам, 1926), «Шолам-Алейхем» (1938, на беларускай мове ў 1939, 1958), «Мендэле Мойхер-Сфорым» (1939, на беларускай мове ў 1940). Тыраж кніжкі пра М. Гордана знішчаны ў 1941 г. пад час акупацыі.
Аўтар артыкулаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, З. Бядулю, гісторыка-этнаграфічных нарысаў пра П. Шэйна, М. Нікольскага і інш.
Кузьма Чорны ў сваім дзённіку адзначыў:
(21 жнівеня 1944 г.)
“Грып. Слабасць. Хіліць у пасцель. А ляжаць не магу. Думкі мучаць. (…) Толькі што зайходзіў на паўгадзіны У. Фінкель. Ён бядуе. У Беларускай акадэміі няма больш яўрэйскага аддзелу. У Мінску няма і, мусіць, не скора будзе яўрэйская газета. У Беларусі вельмі мала асталося яўрэяў. Уры Фінкель верны сын свайго народа. Патрыятычны сум яго — гэта шчырая пакута яго душы аб трагедыі свайго народа. Уры Фінкель належыць свайму народу і разам з ім варт вялікай пашаны. Гэта чалавек яўрэйскай культуры. Няхай да яго вернецца яснае шчасце душы. (…) Няшчасны і мілы Фінкель, жыве ў «Якары» на чацвёртым паверху ў агульным нумары. Ён пісьменнік і вучоны. За час вайны ў яго памерла з голаду двое дзяцей»[1].
.