Унутраная палітыка — дзейнасць палітычнага кіраўніцтва краіны па фармуляванні і рэалізацыі стратэгій развіцця ўсіх сфер унутранага жыцця краіны (нацыянальных мэт яе развіцця), гарманічных інтарэсам грамадства і адпаведных аб’ектыўным умовам іх рэалізацыі [1].
Асаблівымі напрамкамі ўнутранай палітыкі з’яўляюцца ўдасканаленне і рэфармаванне палітычнай сістэмы краіны, гарантаванне бяспекі і палітычнай стабільнасці. Унутраная палітыка таксама прадугледжвае курыраванне працэсаў заваёвы і ўтрымання ўлады, пры гэтым у адносінах да працэсу заваёвы ўлады дзяржава выступае арганізатарам і гарантам дэмакратычнай працэдуры яе (улады) фармавання.
Унутраная палітыка ўключае ў сябе ўсе сферы ўнутранага жыцця краіны, а менавіта: бізнес, адукацыя, энергетыка, ахова здароўя, дзейнасць праваахоўных органаў, фінансы і падаткі, прыродныя рэсурсы, сацыяльнае забеспячэнне, асабістыя правы і свабоды і г.д.
Мэты і задачы ўнутранай палітыкі мяняюцца ў залежнасці ад асабістых і грамадскіх інтарэсаў грамадзян і магчымасцяў краіны. Большасць багатых і дэмакратычных краін, напрыклад, марнуюць значныя сумы грошай на ўнутраныя праграмы. Многія бедныя краіны маюць цяжкасці ў выдзяленні рэсурсаў на такія важныя вобласці, як адукацыя і ахова здароўя.
Выбаршчыкі вызначаюць, якія асобы і палітычныя партыі маюць права вызначаць палітыку. Сродкі масавай інфармацыі распаўсюджваюць інфармацыю аб унутраных праблемах і ўплываюць на перакананні і меркаванні народа. Лабісты, групы актывістаў і іншыя арганізацыі таксама працуюць, каб уплываць на палітыку з дапамогай розных метадаў. Такія метады могуць уключаць грашовыя ахвяраванні, абяцанні падтрымкі, рэкламныя кампаніі ці дэманстрацыі і акцыі пратэсту.
Эфектыўнасць унутранай палітыкі залежыць ад дзяржаўнай бюракратыі — органаў улады, якія выконваюць законы і праграмы. У некаторых выпадках бюракратыя дзейнічае павольна, неэфектыўна ці не ў адпаведнасці з пастаўленымі задачамі. Унутраная палітыка таксама можа сутыкнуцца з цяжкасцямі ў судах. У многіх краінах суддзі маюць права адмяніць любыя заканадаўчыя або выканаўчыя дзеянні, якія яны знаходзяць парушаючымі канстытуцыю краіны.
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. Змест мусіць быць правяральным або яго могуць выдаліць. Вы можаце адрэдагаваць артыкул, дадаць спасылкі на аўтарытэтныя крыніцы. |