wd wp Пошук:

Уладзімір Мікалаевіч Карват

Уладзі́мір Мікала́евіч Карва́т, часам памылкова Ко́рват (28 лістапада 1958, Брэст — 23 мая 1996, раён вёскі Арабаўшчына, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі ваенны лётчык першага класа, падпалкоўнік, начальнік паветрана-агнявой падрыхтоўкі 61-й авіябазы, дыслацыраванай у горадзе Баранавічы. Загінуў 23 мая 1996 года пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне і падаў, ад населенага пункта. 21 лістапада 1996 года быў пасмяротна ўдастоены звання «Герой Беларусі»[1] (Карват стаў першым Героем Беларусі).

Біяграфія

Нарадзіўся ў Брэсце. Вучыўся ў сярэдняй школе № 8. У 1981 годзе скончыў Армавірскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, пасля чаго быў накіраваны для праходжання службы на Далёкі Ўсход, дзе прайшоў шлях ад лётчыка да намесніка камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. Лятаў на самалёце МіГ-23.

Пасля распаду СССР, у жніўні 1994 года па ўласным жаданні прыбыў для праходжання службы ва Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. 11 верасня 1994 года прыняў прысягу на вернасць народу Беларусі. Быў прызначаны начальнікам паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й авіябазы.

Смерць

Асноўны артыкул: Катастрофа СУ-27 пад Арабаўшчынай (1996) 23 мая 1996 года Карват выконваў навучальна-трэніровачны палёт па практыкаванню 314 «Курса баявой падрыхтоўкі знішчальнай авіяцыі» на самалёце Су-27 з нумарам 29. У практыкаванне быў уключаны палёт у аблоках з вялікімі вугламі крэну з адпрацоўкай тактычных прыёмаў паветранага бою ў аблоках на малай вышыні ў складаных метыяўмовах уначы.

Палёт пачаўся ў 22:44:31. У 22:52, калі самалёт знаходзіўся на вышыні 900 метраў, на хуткасці 540 км/г, Карват паведаміў, што загарэлася табло падзення ціску ў першай гідрасістэме. З зямлі загадалі неадкладна вяртацца на базу. Праз 29 секунд паведамленне пра непаладкі ў першай гідрасістэме знікла, але амаль адразу пачалі з’яўляцца паведамленні пра іншыя паломкі. На вышыні 600 м і хуткасці 440 км/г перастала працаваць сістэма кіравання.

Лётчык атрымаў загад катапульціравацца, але ў гэты час самалёт знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча, і Карват да апошняга спрабаваў адвесці самалёт у старану. У 22:54, праз 14 секунд пасля паведамлення пра тое, што самалёт стаў некіруемым, СУ-27 разбіўся за кіламетр ад Арабаўшчыны.

У фільме «Звычайны герой» (2004) пра Уладзіміра Карвата, Аляксандр Марфіцкі (з 2003 года — камандзір 61-й знішчальнай авіябазы) распавядаў пра тую катастрофу: «Ён сапраўды здзейсніў гераічны ўчынак. Адвёў самалёт. Усё ж такі 24 тоны, 4 тоны паліва, калі б ён ўпаў недзе на населены пункт, там не адзін дом бы згарэў. Вельмі шмат было б ахвяр, тым больш, што гэта было ўначы, усе людзі знаходзіліся ў хатах, наступствы былі б самымі сумнымі»[2].

Сведкамі катастрофы сталі многія мясцовыя жыхары, якія адразу паспяшаліся на дапамогу. Самалёт загарэўся, мясцовыя жыхары спрабавалі выцягнуць цела з кабіны. Сякераю былі перарублены рамяні, але выцягнуць пілота не атрымалася. Праз 20 хвілін прыбылі пажарныя з Гарадзішча, якія здолелі не дапусціць узгарання кабіны пілота, а пасля і затушыць полымя, але Карват загінуў пры падзенні. Цела пілота здолелі выцягнуць толькі на наступны дзень.

Паводле высноў камісіі, якая займалася расследаваннем прычын, катастрофа адбылася з-за пажару ў левым абцякальніку хваставой часткі. У гідрасістэме ўзнікла цеча, перагарэлі электрычныя кабелі і самалёт страціў кіраванне.

З Карватам развітваліся ў Баранавічах. Пахаваны 26 мая 1996 года ў Брэсце.

Памяць

У Брэсце: У гонар Карвата названая вуліца. У 1997 годзе, у дзень нараджэння Карвата, на будынку школы № 8, дзе ён вучыўся, усталявана памятная дошка. 10 сакавіка 1997 года Савет Міністраў Беларусі пастановаю № 179 надаў гэтай школе імя У. М. Карвата. На скрыжаванні бульвару Касманаўтаў і вуліцы Гогаля 5 мая 2000 года усталяваны помнік герою. Зацверджана іменная стыпэндыя Героя Беларусі, якая надаецца найлепшым курсантам авіяцыйнага факультэту Ваеннай Акадэміі Беларусі, заснаваны Міжнародны турнір па міні-футболе на прыз Уладзіміра Карвата[3]. Загадам міністра абароны № 263 ад 22 мая 1997 года падпалкоўнік Карват назаўсёды залічаны ў спісы 1-й авіяцыйнай эскадрыллі 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах[4]. Брэсцкая абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Саюз афіцэраў запасу» носіць імя У. М. Карвата.

Іншыя месцы: У маі 2009 года ў Баранавічах на базе 61-й авіябазы адчынены музей Карвата.[5]

У Баранавічах існуе сквер імя Карвата. У Мінску яго імем названа вуліца і сярэдняя школа № 182.

Узнагароды

Зноскі

  1. Указ Президента Республики Беларусь от 21 ноября 1996 г. № 484 «О присвоении В. Н. Карвату звания „Герой Беларуси“» Архівавана 25 студзеня 2019. (руск.)
  2. Дочь погибшего на авиашоу в Польше белорусского пилота: «ПАПА ГОВОРИЛ: „ПРИЛЕЧУ ДАЖЕ НА ОДНОМ ДВИГАТЕЛЕ“»(недаступная спасылка)//Комсомольская правда в Беларусі
  3. Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 10 марта 1997 г. № 179 «Об увековечении памяти Героя Беларуси, военного летчика подполковника В. Н. Карвата» (руск.)
  4. Улица В. Н. Карвата // http://www.brest-sv.com/brest_histor/ylici/karvata_%20yl.htm
  5. У 61-й авіябазе ў Баранавічах адкрыўся абноўлены музей першага Героя Беларусі Ўладзіміра Карвата // Народная Воля, 26 мая 2009

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Героі Беларусі
Катэгорыя·Ваенныя лётчыкі СССР
Катэгорыя·Загінулі ў авіякатастрофах
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Брэсце
Катэгорыя·Памерлі ў Баранавіцкім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца смерці ў картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы на марках
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 23 мая
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Нарадзіліся 28 лістапада
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1958 годзе
Катэгорыя·Лётчыкі Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў 1996 годзе