Тэ́кліц — возера ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Сергуч (выцякае з возера), за 13 км на паўночны захад ад горада Лепель, каля вёскі Звязда.
Плошча паверхні 2,02 км². Даўжыня 1,99 км, найбольшая шырыня 1,29 км. Даўжыня берагавой лініі 5,5 км. Найбольшая глыбіня 3,2 м, сярэдняя — 2 м. Аб’ём вады 4,14 млн. м³. Плошча вадазбору 32,9 км².
Катлавіна рэшткавага тыпу, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Схілы катлавіны вышынёй ад 3 да 12 м, параслі лесам, участкамі разараныя. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком, на поўдні сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берагоў да глыбіні 0,5 м пясчанае. Возера эўтрофнае з прыкметамі антрапагеннага дыстрафіравання. Моцна зарастае. Шырыня палосы расліннасці дасягае 170 м. Возера праточнае. Упадаюць 2 ручаі, у тым ліку з возера Луконец. На поўдні з возера выцякае рака Сергуч.
У возеры водзяцца карась, шчупак, лінь, плотка, акунь і іншыя віды рыб.