У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бішаф.
Тэадор Людвіг Вільгельм фон Бішаф (ням.: Theodor Ludwig Wilhelm von Bischoff; 28 кастрычніка 1807, Гановер — 5 снежня 1882, Мюнхен) — нямецкі анатам, фізіёлаг, эмбрыёлаг. Доктар філасофіі (1829). Доктар медыцыны (1832). Прафесар (1836). Член-карэспандэнт, замежны член Пецярбургскай АН (1846).
Нарадзіўся 28 кастрычніка 1807 г. у Гановеры. Адукацыю атрымаў ў Бонскім і Гайдэльбергскім універсітэтах. З 1832 года асістэнт пры ўніверсітэцкай клініцы ў Берліне. З 1836 года прафесар анатоміі і фізіялогіі ў Гайдэльбергскім універсітэце. З 1844 па 1855 год прафесар Гісэнскага ўніверсітэта. З 1855 па 1878 год у Мюнхенскім універсітэце, пасля чаго выйшаў у адстаўку. Памёр 5 снежня 1882 г. у Мюнхене.
Т. Л. Бішаф займаўся даследаваннямі стадый развіцця зародка млекакормячых, параўнальным вывучэннем мозга чалавека і малпаў. У сваёй дысертацыі «Commentatio de novis quibusdam experimentis doctrinam de respiratione institutis» упершыню даказаў наяўнасць у крыві жывёл кіслароду і свабоднай вуглекіслаты. Пры непасрэдным удзеле Бішафа ў Гісэнскім універсітэце былі створаны Фізіялагічны інстытут і анатамічны тэатр. У 1838 годзе апісаў працэс драблення яйцаклеткі.