Туліт (разалін, уніяніт) — шчыльная густа-ружовая ці ружова-чырвоная разнавіднасць мінерала цаізіт. Афарбоўка каменя абумоўлена іонамі марганцу (прымешка Mn дасягае ~ 1 %).
Сустракаецца ў выглядзе масіўных крупчастых, шаставатых, зблытана-кудзелістых агрэгатаў. Утвараецца пры рэгіянальным метамарфізме, сустракаецца ў метамарфічных пародах як прадукт гідратэрмальнай змены плагіяклаза ў гідратэрмальна змененых асноўных вывергнутых пародах і крышталічных сланцах. Спадарожныя мінералы: кварц, альбіт, біятыт, эпідот, гранаты.
Упершыню знойдзены ў 1820 годзе ў Нарвегіі (акруга Лом). Назва паходзіць ад старажытнай назвы міфічнага вострава ў паўночнай частцы Нарвегіі — Тул. Пазней быў знойдзены таксама ў Заходняй Аўстраліі, Намібіі, ЗША (штаты Тэнесі, Каліфорнія, Паўночная Караліна), Грэнландыі, Расіі (Урал), Аўстрыі (Ціроль), Італіі, Польшчы (Ніжняя Сілезія).