wd wp Пошук:

Трапецападобная цягліца

Тапаграфія левай трапецападобнай цягліцы.

Трапе́цападо́бная цяглі́ца[1] (лац.: m. trapezius), або Трапе́цападо́бная мы́шца[2] — парная плоская шырокая цягліца, якая займае паверхневае становішча ў заднім абсягу шыі і верхнім аддзеле спіны.

Тапаграфія і асаблівасці

Трапецападобная цягліца мае форму трохвугольніка, аснова якога звернута да пазваночнага слупа, а вершыня — да акраміёна; трапецападобныя цягліцы з абодвух бакоў разам маюць форму трапецыі. Цягліца пачынаецца ад вонкавага патыліцавага выступу, верхняй каркавай лініі, каркавай звязкі і надвосцевых звязак усіх грудных пазванкоў. Сухажыльныя пучкі цягліцы кароткія і толькі ў абсягу ніжніх шыйных і верхніх грудных пазванкоў, дасягаючы вялікай даўжыні, утвараюць ромбападобную сухажыльную пляцоўку. Пучкі цягліцы сыходзяцца радыяльна да лапаткі і прымацоўваюцца да яе восці, акраміёна ды акраміяльнага канца ключыцы. Між прымацаваннем узыходзячых пучкоў цягліцы і восцю лапаткі размяшчаецца невялікая падсухажыльная сумка трапецападобнай цягліцы, лац.: bursa subtendinea musculi trapezii. Ля месца прымацавання трапецападобнай цягліцы да акраміёна, на заднявонкавай паверхні апошняга, залягае падскурна значных памераў акраміяльная падскурная сумка, лац.: bursa subcutanea acromialis.

Функцыя

Пры скарачэнні ўсіх пучкоў цягліцы лапатка набліжаецца да пазваночнага слупа; пры скарачэнні верхніх пучкоў — паднімаецца, а ніжніх — апускаецца. Пры фіксацыі лапаткі абедзве трапецападобныя цягліцы цягнуць галаву назад, а пры аднабаковым скарачэнні цягліца нахіляе галаву ў той жа бок.

Кровазабеспячэнне

Цягліца забяспечваецца крывёю з папярочнай артэрыі шыі, патыліцавай артэрыі, надлапаткавай артэрыі, задніх міжрабровых артэрый (лац.: aa. transversa colli, occipitalis, suprascapularis, intercostales posteriores).

Інервацыя

Цягліца інервуецца вонкавай галінай дадатковага нерва і шыйнымі нервамі (лац.: r. externus n. accessorii et nn. cervicales) праз наступныя спіннамазгавыя сегменты: CII—CIV.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Ярашэвіч С. П., Байцоў Л. М., Кавалёва Д. В., Лабко П. І. Анатамічны слоўнік: руска-беларуска-лацінскі, беларуска-лацінскі, лацінска-беларускі = Анатомический словарь: русско-белорусско-латинский, белорусско-латинский, латинско-белорусский. — Мінск: Выдавецтва «Дизайн ПРО», 1998. — 480 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-6182-63-8.
  2. Машчанка М. В., Барысаў А. Л. Біялогія: вучэбны дапаможнік для 9-га класа устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. — 3-е выданне. — Мінск: «Народная асвета», 2011.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Цягліцы спіны