Трансплантацыя — у медыцыне перасадка якога-небудзь органа ці тканкі, напрыклад, ныркі, сэрца, печані, лёгкага, касцявога мозгу, ствалавых гемапаэтычных клетак, валасоў.
Арганізм, ад якога бяруць органы і тканкі, называецца донарам, арганізм, якому перасаджваюць — рэцыпіентам.
Участак тканкі або орган, які выкарыстоўваюць для трансплантацыі, можа быць перасажаны на месца выдаленага органа (ортатапічная трансплантацыя) або ў іншае месца (гетэратапічная трансплантацыя).
Каб папярэдзіць тканкавую несумяшчальнасць пры трансплантацыі, выкарыстоўваюцб розныя віды імунадэпрэсіўнай тэрапіі. Адзін са шляхоў пераадолення біялагічнай несумяшчальнасці трансплантата і арганізма рэцыпіента — стварэнне штучных органаў (сэрца, падстраўнікавай залозы і інш.).
Робяць трансплантацыю нырак (больш за 500 тыс. перасадак у свеце), печані, сэрца, лёгкіх, вілачкавай залозы з грудзінай, шчытападобнай залозы, скуры, мышцаў, сухажылляў, касцявой, храстковай, тлушчавай тканак, сасудаў, нерваў, касцявога мозгу, рагавіцы вока і іншыя. Пашыраецца трансплантацыя клетачных элементаў, эмбрыянальных тканак і інш. У эксперыментальнай анкалогіі робяць трансплантацыі пухлін жывёлам.
У раслін трансплантацыя — перасадка розных частак расліны на іншую расліну ці на іншае месца той жа расліны. Лепш развіваюцца расліны больш блізкіх сістэматычных груп. Трансплантацыя выкарыстоўваецца ў садоўніцтве (прышчэпліванне), для даследавання працэсаў зрастання, узаемаадносін прышчэпка і прышчэпы. Бывае таксама натуральная трансплантацыя лісця, кветак, пладоў, сцёблаў, каранёў.
Адрозніваюць наступныя віды трансплантацыі:
аўтатрансплантацыя, ці аўталагічная трансплантацыя — рэцыпіент трансплантанта з’яўляецца яго донарам для сябе самога. Напрыклад, аўтатрансплантацыя скуры з непашкоджаных участкаў на абпаленыя шырока ўжываецца пры цяжкіх апёках. Аўтатрансплантацыя касцявога мозгу ці гемапаэтычных ствалавых клетак пасля высокадознай проціпухліннай хіміятэрапіі шырока ўжываецца пры лейкозах, лімфомах і хіміяадчувальных злаякасных пухлінах.
ізагенная трансплантацыя — донарам трансплантанта з’яўляецца 100 % генетычна і імуналагічна ідэнтычнае рэцыпіенту аднаяйцавае блізня рэцыпіента.
алатрансплантацыя, ці гоматрансплантацыя — донарам трансплантанта з’яўляецца чалавечы арганізм, які адрозніваецца генетычна і імуналагічна.
ксенатрансплантацыя, ці міжвідавая трансплантацыя — трансплантацыя органаў ад жывёлы іншага біялагічнага віду.