wd wp Пошук:

Сяргей Піліпавіч Кавалік

Сяргей Піліпавіч Кава́лік[3] (13 (25) кастрычніка 1846, в. Свадкавічы, Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губерня, Расійская імперыя — 26 красавіка 1926, Мінск, БССР) — рэвалюцыянер-народнік.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца, сына казака Зянькоўскага павета Палтаўскай губерні, які скончыў ваенную школу ў Пецярбургу, а па выхадзе ў адстаўку ў чыне палкоўніка, купіў маёнтак Свадкавічы, у якім налічвалася 100—150 душ прыгонных сялян.

Навучаўся ў Аляксандраўскім Брэсцкім корпусе, потым у Паўлаўскім ваенным вучылішчы. Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт атрымаўшы ступень кандыдата матэматыкі. Адзін з арганізатараў «хаджэння ў народ» рэвалюцыйных народнікаў. Арыштаваны 14 чэрвеня 1874 года і па працэсе 193-х 23 студзеня 1878 года асуджаны да пазбаўлення ўсіх правоў стану і катаржным працам у крэпасцях на 10 гадоў.

Тэрмін катаржных прац скончыўся на Кары 4 верасня 1883 года, і ён быў прызначаны на пасяленне ў Якуцкую вобласць. Дастаўлены ў Якуцк 26 лістапада 1883 года і прызначаны на пасяленне ў акруговы горад Верхаянск Верхаянскай акругі, куды прыбыў 6 студзеня 1884 года. 15 студзеня 1885 года зафіксаваў самую нізкую тэмпературу ў Верхаянску −67,8 °C. У верасні 1886 года ўступіў у шлюб з спавівальнай бабкай Вольгай Васільевай.

Прылічаны 17 студзеня 1892 года да сялян Усцьянскага паселішча Верхаянскай акругі і ў сакавіку выехаў з сям’ёй у Якуцк. Жыў у Намскім улусе Якуцкай акругі, а 7 ліпеня 1892 года, атрымаўшы дазвол Іркуцкага генерал-губернатара, выехаў на жыхарства ў Верхаленск Іркуцкай губерні. У сакавіку 1893 года пераехаў на жыхарства ў горад Балаганск Іркуцкай губерні.

Па даручэнні Усходне-Сібірскага аддзела Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства, як знаўца якуцкай мовы, выехаў у Алёкмінскую акругу Якуцкай вобласці для даследавання ўплыву золатапрамысловасці на побыт мясцовага насельніцтва. Прыбыў у верасні 1894 года ў Віцімскую сістэму, адкуль пераехаў у Алёкмінскую сістэму, а 23 сакавіка 1895 года праз Мачынскую рэзідэнцыю выехаў у горад Алёкмінск. Заставаўся ў Алёкмінскай акрузе да кастрычніка 1895 года і пасля завяршэння прац вярнуўся ў Іркуцк.

Паводле маніфесту 14 мая 1894 года, тэрмін абавязковага знаходжання ў Сібіры яму быў скарочаны. 5 сакавіка 1898 года быў прылічаны ў мяшчане горадзе Верхаленск.

У 1898 годзе вярнуўся з выгнання ў Беларусь. Нейкі час пражыўшы ў сваёй таварышкі па судзе В. І. Вахоўскай, па мужы Бонч-Асмалоўскай, у маёнтку Блонь Ігуменскага павета Мінскай губерні. Затым пераехаў у Мінск, дзе працаваў галоўным кантралёрам-бухгалтарам, затым памочнікам акцызнага наглядчыка ў Губернскім акцызным упраўленні, быў членам Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Падчас Першай сусветнай вайны служыў у «Земскім Саюзе». Пасля кастрычніка 1917 года працаваў старшынёй Губернскага зямельнага камітэта, пры немцах у Земскай Губернскай Управе, потым у Камісарыяце забеспячэння, выкладаў матэматыку ў Мінскім політэхнічным інстытуце (чытаў курс па аналізе бесканечна-малых і аналітычнай геаметрыі), быў старастам Мінскага аддзялення Усесаюзнага таварыства былых паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў.

Памёр 26 красавіка 1926 года ў Мінску і пахаваны на Вайсковых могілках.

Сям’я

Творы

Зноскі

  1. Ковалик Сергей Филиппович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  2. Ковалик Сергей Филиппович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  3. Беларусь, 1995

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Народнікі
Катэгорыя·Постаці Блоні
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Рэвалюцыянеры Расіі
Катэгорыя·Памерлі ў 1926 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Крычаўскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі 26 красавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1846 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Кіеўскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Пахаваныя на Вайсковых могілках (Мінск)
Катэгорыя·Палітыкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Чэрыкаўскім павеце