wd wp Пошук:

Сяргей Іосіфавіч Баран

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Баран (значэнні). Сяргей Баран (Баранаў) (27 верасня 1892, в. Віцькі Гродзенскага пав., цяпер Гродзенскі раён — пасля 1935) — беларускі нацыянальны і грамадска-палітычны дзеяч, педагог.

Біяграфія

Нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і. Бацька працаваў у маёнтку, гарбарні, апальшчыкам у лазні. Скончыў сярэднюю школу ў Гродне. Вучыўся на «Вышэйшых навуковых курсах» у Кіеве (паводле Е. Глагоўскай — у Гродне). У час 1-й сусветнай вайны служыў пры вайсковай канцылярыі на Паўднёва-заходнім фронце (1914—1918), узначаліў Гродзенскае таварыства дапамогі ахвярам вайны. Сябра партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў — «эсэраў» (БПС-Р), яму было даручана весці арганізацыйную працу на Гродзеншчыне. Сябра Гродзенскага камітэта БПС-Р, Рады БНР, старшыня Грамады беларускай моладзі, сябрам яе драматычнай секцыі, старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Гродне. Кіраваў юрыдычным аддзелам Гродзенскага рэўкама (8.1920). Пазней быў арыштаваны бальшавікамі і вывезены з горада, але па дарозе уцёк.

Заснавальнік і выкладчык Гродзенскай беларускай гімназіі (канец 1920). Сябра Гродзенскага прадстаўніцтва Беларускага таварыства Чырвонага Крыжу (1921), Беларускага выбарчага камітэта ў Гродне (1922). У 1922 годзе быў абраны ў Сейм Польскай Рэспублікі 1-га сходу (19221927) па Гродзенскай акрузе ад Блока нацыянальных меншасцей. Праз нядоўгі час з’яўляўся віцэ-старшынёй Беларускага пасольскага клуба, уваходзіў у склад дзвюх сеймавых камісій — па грамадскай апецы і інвалідству і камісіі па петыцыях. Актыўная дзейнасць пасла выклікала незадавальненне польскіх уладаў. У 1923 быў арыштаваны, абвінавачаны ў падрыхтоўцы паўстання ў Заходняй Беларусі. Асуджаны Беластоцкім акруговым судом на «працэсе 45-ці» да 6 гадоў турмы паводле арт. 101 і 102 Крымінальнага Кодэксу за антыдзяржаўную дзейнасць (1923). Быў звольнены загадам прэзідэнта Польшчы (1926).

Жыў у Гродна, станам на 1922 год па адрасе вул. Rzeźnicka, 13. Меў жонку Алену (нар. каля 1900 г.) і сына Анатоля (нар. каля 1930 г.).

У 1928 годзе нелегальна перайшоў ў БССР. Праз пэўны час працаваў на табачным складзе, пазней — у фабрычнай краме. Паступіў у Вышэйшы педагагічны інстытут у Мінску (1930). У 1932 годзе ўступіў у ВКП(б). Працаваў у ЦК МАДРа.

Арыштаваны ДПУ БССР 25.9.1933 года ў Мінску, па адрасе вул. Правіянцкая, д. 20, кв. 2, па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Асуджаны 9.1.1934 года паводле пастановы калегіі АДПУ СССР «як удзельнік контррэвалюцыйнай арга­нізацыі» да 10 гадоў ППК. Этапаваны ў Далёкаўсходні канц­лагер НКУС Хабараўскага края. Апошні раз яго бачылі жывым 25 красавіка 1935 у Дальлагу.[1] Далейшы лёс невядомы. Рэ­абілітаваны трыбуналам БВА 18.4.1956. Асабовая справа С. Барана № 10182 з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Зноскі

  1. Маракоў (2003)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (25):
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 верасня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Члены Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў Расіі
Катэгорыя·Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
Катэгорыя·Педагогі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Гродзенскім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Рэабілітаваныя ў СССР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1892 годзе
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Гродзенскім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Члены Беларускага пасольскага клуба
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Беларусі
Катэгорыя·Дэпутаты Сейма Польскай Рэспублікі (1918—1939) 1 склікання
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Справа Беларускага нацыянальнага цэнтра
Катэгорыя·Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў