Сыраежка харчовая, сыраежка[1] (Russula vesca) — шапкавы базідыяльны грыб з роду Сыраежка (Russula) сямейства Сыраежкавыя (Russulaceae).
Пладовае цела грыба — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—10 см, пукатая да распасцёртай, з хваліста-выгнутым, зрэдку прыўзнятым, краем. Скурка лёгка адстае ад мякаці, буравата-чырванаватага колеру, часам выцвітаючая. Ножка даўжынёй 3—6 см і 1—2 см у дыяметры цыліндрычная, суцэльная, злёгку маршчыністая ўздоўж і звужаная ўнізе. Мякаць белая, саладкаватая на смак і не мае асаблівага паху. Споры шарападобныя, бясколерныя, дробнашыпаватыя.
Ядомы грыб.
Грыбы растуць у лісцевых і зрэдку ў хвойных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—верасні, паасобку або групамі.