wd wp Пошук:

Сымон Чаховіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чаховіч. Сымон Чаховіч, таксама Шыман Чаховіч (польск.: Szymon Czechowicz; 22 ліпеня 1689 года (па іншых звестках, гэта дата хрышчэння), Кракаў — 21 ліпеня 1775, Варшава) — польскі мастак, які працаваў у Польшчы, Літве, Беларусі, Украіне; адзін з найбольш выдатных жывапісцаў другой паловы XVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і залатых спраў майстра Яна Чаховіча. У ранняй маладосці пры двары Францыска Максіміліяна Асалінскага спачатку граў у капэле, затым навучаўся ў невядомага мастака выяўленчаму мастацтву. Пазней навучаўся мастацтву ў Акадэміі Святога Лукі ў Рыме (самыя раннія звесткі аб яго знаходжанні ў Рыме адносяцца да 1714) і затым доўгі час жыў там. У 1716 атрымаў дзве ўзнагароды акадэміі за два свае малюнкі.

У 1753 і 1770 гадах жыў у Літве і тут стварыў свае найбольш каштоўныя творы. Каля 1770 напісаў 44 карціны для Полацкай езуіцкай калегіі (у тым ліку партрэты Папы Паўла III, Папа Рыгора XIII, біскупа Яўстафія Валовіча, караля Стэфана Баторыя).

Апошнія гады правёў у Варшаве, дзе з дапамогай вучняў пісаў карціны для варшаўскіх касцёлаў. Памёр у Варшаве і быў пахаваны ў крыпце братоў капуцынаў.

Значэнне

Вялікая колькасць карцін Чаховіча была выканана з дапамогай вучняў; Чаховіч выхаваў новае пакаленне мастакоў, якія працавалі ўжо ў канцы XVIII стагоддзя.

Лічыцца найбольш выбітным мастаком Рэчы Паспалітай свайго часу, хоць яго барочныя, трохі сентыментальныя творы ўжо не зусім адпавядалі густам другой паловы XVIII стагоддзя і па сваёй стылістыцы адставалі ад стылістыкі Заходняй Еўропы.

Рэлігійныя карціны Чаховіча былі вельмі папулярныя ў Літве, іх працягвалі капіраваць у XIX стагоддзі. У розных касцёлах Беларусі і Літвы знаходзяцца копіі яго вобразаў; да самых распаўсюджаных копій адносяцца «Святы Язэп» і «Святы Ян Кентыйскі».

Палотны Чаховіча захоўваюцца ў Музеі князёў Чартарыйскіх і Нацыянальным музеі ў Кракаве, Нацыянальным музеі ў Варшаве, Мастацкім музеі Літвы ў Вільнюсе, Львоўскай карціннай галерэі, Дзяржаўным Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу і іншых музейных зборах. Намаляваў шмат рэлігійных карцін для кляштара візітак у Варшаве, якія захоўваюцца на яго тэрыторыі па сёняшні дзень.[5]

Творчасць

Партрэт Яна Чапскага

Пісаў партрэты, абразы, займаўся манументальным жывапісам. Самая ранняя з вядомых прац Чаховіча адносіцца да 1715 года («Распяцце» ў рызніцы рымскага касцёла Святога Станіслава, па карціне Гвіда Рэні). Напісаў на палатне карціны «Хрыстос сярод фарысеяў» (па гравюры з кампазіцыяй Пітэра Паўля Рубенса) і «Забіванне немаўлят» (па карціне Рэні).

У 17311734 гадах для палаца Асалінскага ў Стэрдыне напісаў партрэты ў поўны рост Францыска Максіміліяна Асалінскага і Юзэфа Асалінскага. Напісаў таксама партрэты Яна Фрыдэрыка Сапегі, князя Юзэфа Міхала Масальскага і іншых вяльможаў.

У Вільні напісаў абразы для касцёлаў Святой Тэрэзы, Святой Кацярыны, дамініканскага касцёла Святога Духу, Святога Рафаіла, Святога Стафана і іншых храмаў. Магчыма, браў удзел у стварэнні роспісу Нясвіжскай калегіі касцёла Божага Цела.

Выкарыстоўваў іконаграфічныя кампазіцыі Рафаэля, фламандскіх жывапісцаў (у прыватнасці, П. П. Рубенса і А. ван Дэйка). У царкоўных абразах выступае паслядоўнікам жывапісу спелага рымскага барока, асабліва Карла Мараці і Бенедэта Луці. Прыкметны таксама ўплыў Рэні і Мікеланджэла.

Галерэя

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #123914019 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 20 снежня 2014.
  2. RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  3. Simon Czechowicz — 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
  4. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #123914019 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 1 студзеня 2015.
  5. Ryszard Maczyński. Museum et sacrum. Rozważania o muzealnym statusie warszwskiego kościoła Sióstr Wizytek / Muzea w kulturze współczesnej / redakcja Anna Ziębińska-Witek, Grzegorz Żuk. 2015. s.99

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мастакі Літвы
Катэгорыя·Пахаваныя ў Варшаве
Катэгорыя·Памерлі ў 1775 годзе
Катэгорыя·Мастакі Польшчы
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі 21 ліпеня
Катэгорыя·Памерлі ў Варшаве
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 ліпеня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Кракаве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1689 годзе