wd wp Пошук:

Сумчатыя

Сумчатыя (Metatheria, Marsupialia) — атрад (інфраклас) млекакормячых.

Апісанне

Даўжыня ад 4 да 300 см, маса да 90 кг. Раслінаедныя, насякомаедныя, драпежныя, ёсць усёедныя. Размнажэнне ад аднаго да некалькіх разоў за год. Самкі большасці відаў маюць вывадковую сумку (адсюль назва), у якую адкрываюцца саскі (2—6) малочных залоз. Дзіцяняты нараджаюцца слабаразвітымі і развіваюцца ў сумцы (да 250 сут.), дзе прымацоўваюцца да саска, з якога малако выпырскваецца пры скарачэнні спецыяьных мышцаў.

З’яўленне і распаўсюджванне

Зыходзячы з палеанталагічных даследаванняў, сумчатыя былі вельмі распаўсюджаныя ў мезазоі, але пазней іх, як і клаачных, выцеснілі плацэнтарныя з большасці кантынентаў. Час з’яўлення сумчатых, па некаторых адзнаках, ~ 186—193 млн год. (юрскі перыяд). Найстаражытнымі выкапнёвымі парэшткамі сумчатых лічацца знойдзеныя ў адкладах мелавога перыяду правінцыі Ляанін, на паўднёвым усходзе Кітая, парэшткі сысуна Sinodelphys szalayi ўзростам 125 млн гадоў.

Большасць сумчатых Паўднёвай Амерыкі вымерлі пасля ўзнікнення натуральнага моста паміж Паўднёвай і Паўночнай Амерыкай, па якім з поўначы на ​​поўдзень сталі пранікаць новыя віды («вялікі Міжамерыканскі абмен»). Толькі апосумы змаглі вынесці канкурэнцыю і нават распаўсюдзіцца на поўнач.

У адрозненне ад Паўднёвай Амерыкі аўстралійскі свет сумчатых ў выніку геаграфічнай ізаляцыі захаваўся да гэтага дня, аднак пасля з’яўлення чалавека 45000 гадоў таму і тут ён зведаў істотныя змены. Згодна з шырока распаўсюджанай гіпотэзай усе віды буйных сумчатых былі выкаранены пасяленцамі неўзабаве пасля іх высадкі ў Аўстраліі. Існуюць аднак даследаванні, якія сцвярджаюць, што буйныя сумчатыя суіснавалі з чалавекам да 15 000 гадоў назад і вымерлі ў выніку холаду і засух апошняга ледніковага перыяду. Па гэтай гіпотэзе прычынай іх вымірання стаў не чалавек, а іх недастатковая адаптацыйная здольнасць. Аднак уплыў чалавека ўсё ж бясспрэчны. У 1936 памёр апошні тасманійскі сумчаты воўк.

У цяперашні час у свеце налічваецца каля 250 відаў сумчатых. Пашыраны пераважна ў Аўстраліі, а таксама на а-вах Вялікія Зондскія, Тасманія, Новая Гвінея, у Паўднёвай, Цэнтральнай і Паўночнай Амерыцы; акліматызаваны ў Новай Зеландыі. Насяляюць разнастайныя ландшафты і вадаёмы.

Класіфікацыя

Падзяляюцца на 2 падатрады, адрозніваецца каля 250 відаў. Да сумчатых адносяцца: апосумы, вамбат, каала, кенгуровыя, кускусы, цэналеставыя і інш.

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Сумчатыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак