Стакгольмскі Залаты кодэкс (лац.: Codex Aureus Holmiensis па месцы захоўвання — у Шведскай каралеўскай бібліятэцы, каталожнае абазначэнне MS A. 35) — ілюмінаваны англасаксонскі рукапіс Чацвёраевангелля. Створаны, верагодна, у сярэдзіне VIII стагоддзя ў Кентэрберы, у тэхніцы хрызаграфіі часткова на пурпурным пергаменце. У IX стагоддзі рукапіс стаў ваеннай здабычай вікінгаў, але яго выкупілі кіраўнікі Сурэя. У XVI стагоддзі рукапіс трапіў у Іспанію, а ў 1690 годзе быў набыты для каралеўскай бібліятэкі Швецыі.
Захаваліся 193 аркушы рукапісу, фарматам 39,5 на 31,4 см. Тэкст змяшчае Чацвёраевангелле ў старалацінскай версіі, запісанае унцыялам на аркушах велума, па чарзе афарбаваных пурпурам і неафарбаваных. Пурпуровыя аркушы выкананы ў тэхніцы хрызаграфіі залатымі і срэбнымі чарніламі, у афармленні выкарыстоўваліся таксама бялілы. Неафарбаваныя аркушы спісаны чорным атрамантам і кінавар’ю, у некаторых месцах тэкст утварае геаметрычныя ўзоры (пісец выкарыстаў розны атрамант).
Рукапіс ілюмінаваны — захаваліся выявы двух евангелістаў (Матфея і Яна) у поўны аркуш, дэкараваны таксама шэсць табліц канонаў і сем буйных ініцыялаў у поўны ліст. Рукапіс з’яўляецца найстарэйшым узорам выкарыстання сусальнага золата для дэкарыравання буквіц. Малюнкі і афармленне — у мяшаным стылі, які спалучае рысы астраўнога мастацтва і італьянскага, сустракаюцца таксама здагадкі, што рукапіс — самы ранні ўзор каралінгскага мастацтва. Мініяцюра евангеліста Матфея відавочна паказвае ўплыў італьянскага стылю, а афармленне застаўкі на наступным лісце нясе шмат кельцкіх элементаў. Наступныя лісты аформленыя ў тыповым стылі франкскіх манускрыптаў. Мініяцюра евангеліста Іаана ўпрыгожана спіральнымі кельцкімі ўзорамі і зааморфнай фігурай[1].
У калафоне ўтрымліваецца просьба маліцца за залатых спраў майстра Вульфхельма і нейкіх Кеальхарда, Нікласа і Эльхуна, верагодна, гэта імёны манахаў — перапісчыкаў і афарміцеляў рукапісу. Аднак заказчык і ўладальнік рукапісу нідзе не згадваецца[2]. На свабодных месцах уверсе і ўнізе лацінскага тэксту Евангелля ад Матфея захавалася вялікая маргіналія на стараанглійскай мове. Тэкст абвяшчае:
|