wd wp Пошук:

Спам

Тэчка са спамам у паштовым кліенце Kmail.

Спам (англ.: spam) — масавая рассылка карэспандэнцыі рэкламнага ці іншага характару людзям, якія не выказвалі жадання атрымліваць яе. У першую чаргу, тэрмін «спам» датычыцца рэкламных электронных паведамленняў.

Тэрмін пачаў ужывацца ў 1993 годзе, калі рэкламныя кампаніі сталі публікаваць у групах Usenet, дыскусійных лістах, гасцёўнях паведамленні, якія не маюць дачынення да дадзенай тэматыкі альбо з’яўляюцца яўнай рэкламай.

На пачатку спам дасылаўся праз пошту. З цягам часу рассылка спаму пашырылася на сайты, блогі, сацыяльныя сеткі, мабільныя тэлефоны, ICQ і г.д. Спамеры сталі хаваць зваротныя адрасы і выкарыстоўваюць для масавага рассылання допісаў заражаныя траянамі камп’ютары.

Паходжанне тэрміна

У 1936 годзе амерыканскае прадпрыемства «Hormel Foods» выпусціла мясныя кансервы «Spam» (ад англ.: spiced ham — вяндліна з вострымі прыправамі). У 1970 годзе на брытанскім тэлебачанні ў перадачы «Лятучы цырк Монці Пайтана» паказалі жарт з кавярні, назвы ўсіх страў якой змяшчалі слова «спам». На думку канадскага праграміста Брэда Тэмплтана, назва масавых паштовых рассыланняў паходзіць ад таго жарту.[1]

Гісторыя спаму

3 мая 1978 года супрацоўнік амерыканскага прадпрыемства «Digital Equipment» Гэры Туэрк даслаў паведамленне 393 карыстальнікам амерыканскай урадавай сеткі ARPANET. У паведамленні ўтрымоўвалася рэклама новай мадэлі камп’ютара. Адрасы ўсіх атрымальнікаў набіраліся ўручную. Атрыманне рэкламнага паведамлення выклікала абуранасць у супрацоўнікаў і яны паскардзіліся кіраўніцтву сеткі, пасля чаго прадпрыемства, на якім працаваў Гэры Туэрк, атрымала вымову.

У 1994 годзе два адвакаты з Арызоны размясцілі паведамленне аб сваіх паслугах па іміграцыі ў 6 тысячах канферэнцый Usenet. У выніку яны атрымалі мноства гняўлівых адказаў. У 2003 годзе амерыканскі Кангрэс ухваліў Закон аб спыненні спаму, што акрэсліў правілы рассылкі для прадпрыемстваў. У 2009 годзе дзель спаму ў адасланай пошце перавысіла 90 адсоткаў, што ў штодзённым вымярэнні склала каля 120 мільярдаў паведамленняў.[2]

Разнавіднасці спаму

Рэклама

Адна з найбольш распаўсюджаных разнавіднасцяў спаму. Некаторыя кампаніі рэкламуюць свае тавары ці паслугі з дапамогай спаму. Такая рэклама мае нізкі сабекошт і (меркавана) вялікі ахоп патэнцыйных кліентаў. Зрэшты, такая рэклама можа выклікаць абурэнне атрымальнікаў. З дапамогаю спаму можа распаўсюджвацца і забароненая заканадаўствам антырэклама, а таксама і рэклама саміх паслуг рассылкі спаму.

«Нігерыйскія лісты»

Часам спам выкарыстоўваецца махлярамі для вымантачвання грошаў у атрымальніка. Найбольш распаўсюджаны спосаб атрымаў назву «Нігерыйскія лісты», бо вялікая колькасць такіх паведамленняў прыходзіла з Нігерыі. Такі ліст утрымоўвае паведамленне аб тым, што адпраўнік можа нейкім чынам атрымаць вялікія грошы (напрыклад, у спадчыну), а атрымальнік можа яму дапамагчы ў абмен на пэўны адсотак ад сумы. Затым ашуканец просіць даслаць яму грошаў, напрыклад, для адкрыцця банкаўскага рахунку ці афармлення дакументаў. Вымантачванне гэтых грошаў і з’яўляецца мэтай махляроў.

Вядомыя некаторыя «нігерыйскія лісты» гумарыстычнага зместу, напрыклад, паведамленне пра лёс нігерыйскага касманаўта, які ўжо чатырнаццаць гадоў (з 1990 па 2004 год) знаходзіцца ў космасе на сакрэтнай расійскай касмічнай станцыі.[3]

Фішынг

Фішынг (англ.: phishing, ад password — пароль і fishing — рыбалка) — яшчэ адзін спосаб ашуканства, заключаецца ў вымантачванні ў атрымальніка нумара крэдытнай карткі ці пароляў ад сістэмы online-плацяжоў. Такія паведамленні звычайна маскіруюцца пад афіцыйныя лісты ад адміністрацыі банка. У іх гаворыцца, што атрымальнік мусіць запоўніць форму на сайце (прыналежным спамерам), каб пацвердзіць асабістыя дадзеныя, інакш рахунак будзе заблакаваны. Каб не выклікаць падазрэнняў, афармленне сайта імітуе дызайн сапраўднага сайта банка.

«Лісты шчасця»

Таксама з дапамогаю спаму распаўсюджваюцца «лісты шчасця» махлярскага ці містычнага зместу. У падобных лістах адпраўнік нярэдка заклікае карыстальніка даслаць такі спам сваім сябрам ці знаёмым і пагражае няшчасцямі (вірусы, хваробы і г.д.), калі атрымальнік праігнаруе даручэнне. Некаторыя «лісты шчасця» носяць жартоўны характар.

SMS-рассылкі

Спам распаўсюджваецца не толькі праз інтэрнэт, але і з дапамогаю SMS. Ад такіх рэкламных паведамленняў складаней абараніцца.

Іншыя разнавіднасці

З дапамогаю спаму рэалізуюцца Dos- і DDoS-атакі, вірусныя рассылкі, распаўсюджванні г. зв. «паштовых чарвякоў». Таксама рассылаецца рэлігійны і прапагандысцкі спам.

Барацьба са спамам

Найбольш надзейны спосаб барацьбы са спамам — не дазваляць спамерам даведацца пра ваш адрас электроннай пошты. Гэта даволі няпроста, але можна ўжываць некаторыя меры перасцярогі.

Існуе таксама праграмнае забеспячэнне для барацьбы са спамам у электроннай пошце і групах навінаў (спам-фільтры), напрыклад, SpamAssassin, Bogofilter, Razor і г.д.[4]

Юрыдычныя аспекты праблемы

У шэрагу краін прымаюцца заканадаўчыя меры супраць спамераў.[5] Спробы заканадаўчай забароны ці абмежавання дзейнасці спамераў сутыкаюцца з мноствам цяжкасцяў. Няпроста вызначыць у законе, якое рассыланне з’яўляецца законным. Горш за ўсё тое, што кампанія (ці асоба), якая рассылае спам, можа знаходзіцца ў іншай краіне. Да таго ж, законы, якія прымаюцца для барацьбы з масавымі рассылкамі могуць супярэчыць канстытуцыі. Вярхоўны Суд Вірджыніі (ЗША) адмяніў прысуд спамеру Джэрэмі Джэйнсу і прызнаў неканстытуцыйным закон аб барацьбе са спамам, бо ён парушае права на свабоду слова.[6]

Спам у папулярнай культуры

Існуюць шматлікія показкі пра спамераў, нярэдка абразлівыя.[7][8][9] У такіх анекдотах звычайна адлюстроўваецца негатыўнае стаўленне да спаму і да тых, хто яго рассылае.

Зноскі

  1. Спам адзначае трыццацігоддзе Архівавана 6 сакавіка 2016.// Беларускія навіны ІТ. 29 красавіка 2008
  2. Спаму выканалася 30 гадоў Архівавана 8 сакавіка 2016.// Беларускія навіны ІТ. 4 мая 2008
  3. «Нигерийские» письма (руск.)  (з арыгіналам ліста)
  4. Debian Package Search (англ.)
  5. Спам и закон (руск.)
  6. Суд признал запрет на спам нарушением свободы слова (руск.)
  7. Подборка юмора про спамеров Архівавана 1 верасня 2010. (руск.)
  8. Анекдоты про спам Архівавана 26 ліпеня 2011. (руск.)
  9. Spammer Jokes (англ.)
Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Сеткавы этыкет
Катэгорыя·Спам