Сол Белау (анг.: Saul Bellow; 10 чэрвеня 1915 — 5 красавіка 2005) — знакаміты амерыканскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры 1976 году.
Сын эмігрантаў з Расіі, народжаны ў Канадзе, Белоў быў аднім з найвыдатнейшых прадстаўнікоў паваеннага пакалення амерыканскіх яўрэйскіх пісьменнікаў. Скончыў універсітэт у Манрэалі (1937), пасяліўся ў ЗША. Найбольшую славу Солу Белоў прынеслі раманы «Планета містэра Самлера», «Снежань дэкана», «Дар Гамбалта» і «Герцаг». Памёр у Бостане, штат Масачусетс, у веку 89 гадоў.
Вядомы амерыканскі пісьменнік, сябар і пратэжэ Белоў Філіп Рот сказаў аднойчы: «Хрыбет амерыканскай літаратуры 20 стагоддзя забяспечылі два раманісты: Уільям Фолкнер і Сол Бэлоў».
У цэнтры твораў — праблема асобы, якую даследуе праз экзістэнцыялісцкія антыноміі: свабода і выбар (раман «Непрыкаяны чалавек», 1944), ахвяра і кат (аповесць «Ахвяра», 1947), індывідуальная і грамадская прырода чалавека (аповесць «Лаві момант», 1956; раман «Гендэрсан, кароль дажджу», 1959). Пошукі чалавекам сябе і свайго месца ў свеце, вера ў духоўныя каштоўнасці і культурныя традыцыі і адначасова цвярозае ўсведамленне антаганізмаў сучаснай цывілізацыі ў раманах «Прыгоды Огі Марча» (1953), «Герцаг» (1964), «Планета містэра Самлера» (1970), «Снежань дэкана» (1982), «Больш паміраюць ад разбітага сэрца» (1987), зборнік апавяданняў «Разявака і іншыя апавяданні» (1984) і інш. Скептыцызмам прасякнуты раман пра інтэлектуальную Амерыку «Дар Гумбальта» (1975).
Проза С. Белау філасофская, інтэлектуальная, псіхалагічная.