Сві́рнішча[1] — возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Знаходзіцца за 36 км на захад ад Мядзела, каля вёскі Навасёлкі. Належыць да групы Свірскіх азёр.
Возера знаходзіцца ў басейне ракі Страча. Плошча Свірнішча складае 0,38 км². Найбольшая глыбіня возера — 2,7 м. Даўжыня возера — 0,87 км, найбольшая шырыня — 0,57 км. Даўжыня берагавой лініі — 2,39 км. Аб’ём вады ў возеры складае 0,71 млн м³, плошча вадазбору 10 км².
Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы катлавіны возера маюць вышыню 4—5 м, на захадзе і паўднёвым захадзе вышыня дасягае 20 м. Схілы парослыя хмызняком, на захадзе і ўсходзе — разараныя. Берагі возера сплавінныя, на ўсходзе зліваюцца з схіламі катлавіны.
Дно вадаёма высланае сапрапелем. Возера цалкам зарастае падводнай расліннасцю. Надводная расліннасць пашыраецца на адлегласці 5—50 м ад берага.