Сваротва — рака ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці і Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, правы прыток ракі Моўчадзь (басейн ракі Нёман).
Даўжыня ракі 35 км. Плошча вадазбору 150 км². Пачынаецца з возера Свіцязь у Навагрудскім раёне, цячэ ў межах Навагрудскага ўзвышша, упадае ў Моўчадзь на поўнач ад вёскі Моўчадзь Баранавіцкага раёна.
Даліна ракі трапецападобная, шырынёй 1—1,5 км, у верхнім цячэнні 400—800 м. Пойма двухбаковая (шырыня 100—500 м), у сярэднім цячэнні забалочаная, у вытокавай частцы пад лесам. Рэчышча на працягу 9,1 км каналізаванае.
Паводле Казіміра Бугі, назва балцкая, зыходнае гучанне гідроніма ён аднавіў як *Svartuva і адзначыў латышскі аналаг Svārtava.[1]