wd wp Пошук:

Сальвінія

Сальві́нія[2] (Salvinia) — род папарацей сямейства Сальвініевыя (Salviniaceae).

Апісанне

Адна- і шматгадовыя водныя разнаспоравыя папараці. Сапраўдных каранёў не маюць. Сцёблы (карэнішчы) галінастыя, ніткападобныя, даўжынёй да 10 см. Лісце па тры ў кальчаках. Два лісты суцэльныя, зялёнага колеру і плаваюць на паверхні вады, трэці ліст (спараносны) буры, рассечаны на ніткападобныя долі, нагадваючыя карані, апушчаны ў ваду. На ўнутраным баку некаторых лістоў маюцца шарападобныя споракарпіі.

Анатамічная будова сцябла і лістоў адлюстроўвае рысы прыстасавання да воднага спосабу жыцця: шмат буйных паветраных поласцей, нязначна развітыя механічныя элементы, моцна рэдукаваная праводзячая сістэма. У цэнтры сцябла праходзіць канцэнтрычны праводзячы пучок (у цэнтры ксілема з 1–3 трахеід, флаэма, перыцыкл) і эндадэрма. Кара з вялікімі паветранымі поласцямі. У лістах многа паветраных поласцяў у два паверхі. На верхнім баку ліста развіваюцца акруглыя клеткі з васкавым налётам. Гэта сасочкі, якія спрыяюць выдаленню вады з паверхні ліста. Знізу лісты і сцябло пакрыты шматлікімі бурымі валаскамі.

Пашырэнне

Род налічвае каля 10 (8[3]) відаў, пашыраных у трапічных раёнах Афрыкі і Амерыкі, таксама ва ўмераных абласцях Паўночнай Амерыкі і Еўразіі.

На тэрыторыі краін былога СССР (у т.л. на тэрыторыі Беларусі) распаўсюджаны 1 від: Salvinia natansСальвінія плывучая.

Асаблівасці біялогіі

У аснове падводных лістоў на кароткіх бакавых разгалінаваннях утвараюцца шарападобныя сорусы. Усе яны амаль аднолькавых памераў, але ўтрымліваюць усярэдзіне розныя спарангіі.

У адных сорусах развіваюцца шматлікія дробныя мікраспарангіі, у другіх больш буйныя мегаспарангіі ў меншай колькасці. Спарангіі маюць ножку і прымацоўваюцца да плацэнты. Сорусы маюць двайную абалонку (індузій), якая зрастаецца ўнізе і ўверсе. Паміж імі знаходзіцца паветра. У спарангіях са спарагеннай тканкі шляхам рэдукцыйнага дзялення ўтвараюцца споры. У мікраспарангіях развіваецца звычайна 64 мікраспоры. У мегаспарангіях утвараецца спачатку вялікая колькасць мегаспор, але поўнага развіцця дасягае толькі адна (астатнія адміраюць).

Увосень сорусы адпадаюць і зімуюць на дне вадаёма. Вясной пасля згнівання абалонкі сорусаў мікра- і мегаспарангіі ўсплываюць на паверхню.

Кожная з 64 мікраспор прарастае ў моцна рэдукаваны мужчынскі зарастак, які не пакідае мікраспарангія. Пры першым дзяленні мікраспоры ўтвараецца тры клеткі. Ніжняя з іх яшчэ раз дзеліцца на дзве праталіяльныя клеткі. Адна з праталіяльных клетак разрастаецца і высоўвае дзве верхнія антэрыдыяльныя клеткі праз разрыў абалонкі мікраспарангія наверх. Сперматагенная клетка кожнага антэрыдыя ўтварае 4 мнагажгуцікавыя сперматазоіды. Такім чынам, мужчынскі зарастак утварае 2 антэрыдыі і 8 сперматазоідаў.

Мегаспора ў мегаспарангіі прарастае і ўтварае жаночы зарастак, які не пакідае абалонкі мегаспарангія. Пры прарастанні ядро мегаспоры дзеліцца і ўтварае 2 клеткі. З верхняй клеткі фарміруецца жаночы зарастак. Ніжняя клетка моцна разрастаецца, ядро яе дзеліцца шматразова, але перагародкі не ўтвараюцца. Яна запаўняецца спажыўнымі рэчывамі для зародка.

Жаночы зарастак разрывае абалонку мегаспарангія і высоўваецца наверх. Клеткі яго зелянеюць. На ім фарміруецца 3–5 архегоніяў.

Пасля апладнення з зіготы фарміруецца зародак (сцяблінка і лісцікі). З яго ўтвараецца дарослая расліна.

Выкарыстанне

Выкарыстоўваюцца ў якасці дэкаратыўных акварыумных раслін, у рыбагадоўлі, у якасці прыродных фільтраў.

Зноскі

  1. Звесткі пра род Salvinia у базе даных Index Nominum Genericorum Міжнароднай асацыяцыі па таксанаміі раслін (IATP).(англ.)
  2. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 117. — 160 с. — 2 350 экз.
  3. Сальвінія на The Plant List (англ.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Сальвініевыя
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы з перасягнутай глыбінёй разгортвання
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак