wd wp Пошук:

Рэкі і каналы Беларусі

На Беларусі маецца густая сетка рэк і каналаў.

Рэкі

Рэкі Беларусі
Рэкі
100–500 км
Даўжыня
(км)
у Беларусі
(км)
Судна–
ходства
Дняпро2145690+
Бярэзіна613613+
Прыпяць761495+
Сож648493+
Нёман937459+
Пціч421421
Зах. Дзвіна1020328+
Шчара325325
Свіслач297297
Друць295295
Вілія510276
Ясельда250250
Зах. Бярэзіна226226
Случ197197
Беседзь261185
Дрыса183183
Проня172172
Зэльвянка170170
Зах. Буг772154
Дзісна178~149
Обаль148148
Лань147147
Арэса128128
Убарць292126
Цна126126
Бобр124124
Ула123123
Свіслач121121
Ушача118118
Мухавец112,6112,6
Сцвіга178112
Славечна158109
Бобрык 1109109
Іпа109109
Уша105105
Іслач102102
Ала100100
Гайна100100

Беларусь багатая на паверхневыя воды, у краіне налічваецца каля 20800 рэк. Большасць рэк невялікія, 42 ракі маюць даўжыню ад 100 да 500 км. Гушчыня рачной сеткі складае прыкладна 40 км/км², на паўночным усходзе Беларусі 60 км/км². Сярэдні агульны сцёк 57,9 км³. 59 % сцёку складаецца ў межах Беларусі (унутраны сцёк).

Найбольш распаўсюджаны на Беларусі раўнінныя малыя рэкі, якія працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. Яны маюць складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў звілістыя рэчышчы з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невялікія нахілы воднай паверхні, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны рэк больш выразныя, іх цячэнне больш хуткае; месцамі, асабліва ў вярхоўях, такія рэкі цякуць у ярах; іх берагі стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, але затым хутка спадаць. На поўдні Беларусі шмат рэк, якія цякуць праз балоты або маюць значныя забалочаныя участкі ў складзе сваіх вадазбораў. На поўначы Беларусі значную частку складаюць рэкі, якія выцякаюць з азёр або цякуць праз іх. За вытокі рэк звычайна прымаюць месцы, з якіх з’яўляецца пастаяннае рэчышча патоку; на Беларусі гэта найчасцей крыніцы, балоты, радзей азёры.

У рачной сістэме з вялікай колькасцю вытокаў галоўным лічыцца найбольш аддалены ад вусця ці найбольш мнагаводны. Калі вярхоўе ракі, што выцякае з балота, каналізавана, за выток прымаюць пачатак асноўнага асушальнага канала, які з’яўляецца працягам ракі ўверх па цячэнні; у рэках, якія часова перасыхаюць, — месца на дне лагчыны ці яра, дзе назіраюцца сляды рэчышча, распрацаванага снегавымі ці дажджавымі водамі.

Рэчышчы характэрных для Беларусі раўнінных і нізінных рэк звычайна звілістыя, месцамі падзелены на рукавы. Ва узвышаных раёнах рэчышчы больш выразныя, без рукавоў і праток. З наносаў у іх фарміруюцца рэчышчавыя ўтварэнні — перакаты, косы, астравы, мелі, асяродкі і пляжы. На поўначы рэчышчы звілістыя, неразгалінаваныя, у асноўным устойлівыя. Шырыня іх пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шырыня буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Пераважныя глыбіні рэк 0,5—1 м, на плёсах 2—4 м, месцамі да 8 м. Дно часцей пясчанае і пясчана-ілістае, на паўночным захадзе месцамі камяністае і парожыстае. На поўдні Беларусі рэчышчы некананізаваных рэк звілістыя, разгалінаваныя, часта сустракаюцца старыцы, пратокі, меліярацыйныя канавы. Шырыня рэчышча ад 5—10 м у вярхоўях да 20—40 м у ніжніх цячэннях, месцамі да 60—80 м. Глыбіня ад 0,1—0,3 м да 7 м у асобных ямах. Часта трапляюцца пясчаныя нізкія астравы.

Правыя берагі на рэках мерыдыянальнага напрамку часцей больш высокія, абразійныя, левыя — нізінныя акумуляваныя. Пераважаюць пясчаныя берагі, на поўдні часта сугліністыя. Вышыня іх абумоўлена марфалогіяй і геалогіяй рэльефу, што уплывае на ваганні узроўню вады ў рэках (да 12 м на асобных участках Дняпра і Заходняй Дзвіны).

Даліны рэк займаюць амаль 10 % усёй тэрыторыі Беларусі. На поўдні ад мяжы апошняга (паазерскага) зледзянення сучасныя даліны шырокія, адносна мелкія, звычайна асіметрычныя ў папярочным сячэнні, іх правыя схілы больш высокія і стромкія, чым левыя. Самыя маладыя даліны на Беларускім Паазер’і (пачатак іх утварэння 16—14 тыс. гадоў назад, калі вобласць апошняга зледзянення хутка вызвалялася ад ледавіковага покрыва). Даліны тут звычайна глыбокія (20—30 м) і адносна вузкія, месцамі каньёнападобныя, са стромкімі схіламі, поймы вельмі вузкія або адсутнічаюць. У развітых поймавых далінах вылучаецца шырокае і плоскае дно, якое перыядычна затапляецца ў разводдзе, межаннае рэчышча ракі і схілы з тэрасамі. Вышыня поймаў над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, цэнтральных і паўночных частках краіны ад 1,5—4 да 6 м. Нахілы рэк Беларусі вагаюцца ад 0,1 да 2—3 ‰. Сярэднія скорасці цячэння вялікіх і сярэдніх рэк 0,5—0,7 м/с, на перакатах да 0,8—1,5 м/с, на плёсах да 0,1—0,3 м/с, на парожыстых участках малых рэк больш за 1,5 м/с. Максімальныя скорасці назіраюцца ў час разводдзя і паводак, мінімальныя — у межань.

Для рэжыму рэк Беларусі характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна устойлівыя летне-асенняя і зімовая межані, якія часам парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Сярэдняе перавышэнне разводдзя над самым нізкім летнім узроўнем на вялікіх рэках складае ад 1,5 да 7 м (у залежнасці ад водных умоў года), на сярэдніх і малых рэках — прыкладна ўдвая ніжэйшае.

Каналы

Рачную сетку дапаўняюць штучныя каналы: Агінскі, Аўгустоўскі, Бярэзінская водная сістэма, Дняпроўска-Бугскі. У 1971 г. пабудавана Вілейска-Мінская водная сістэма.

На Беларусі створана густая сетка каналаў агульнай працягласцю каля 200 тыс. км. Пераважаюць асушальныя меліярацыйныя каналы. Абсалютная большасць з іх мае невялікую працягласць, якая рэдка перавышае 10—20 км. Найбольшае значэнне сярод меліярацыйных каналаў маюць магістральныя. З іх самыя вялікія: Слаўкавіцка-Ямінскі, Дубайскі, Заазерскі, Асавецкі, Шчэлбінскі, Ненач: іх даўжыня ад 38 да 52 км. Нахілы магістральных меліярацыйных каналаў 0,3—0,4‰, скорасць цячэння ў іх вагаецца ад 0,3 да 1,4 м/с. На поўдні шмат каналізаваных рэк (Арэса, Ведрыч, Іпа, Сведзь, Віць, Ненач і інш.); сетка меліярацыйных каналаў на балотных масівах павышае густату гідраграфічнай сеткі ў 2,5—4 разы.

Некаторыя каналы створаны з мэтай злучэння суднаходных рэк: Дняпроўска-Бугскі (196 км) і Мікашэвіцкі (7 км). Захаваліся Агінскі, Аўгустоўскі, Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) каналы, якія ў наш час страцілі сваё першапачатковае значэнне, але маюць значную каштоўнасць як гістарычныя аб’екты для турызму.

Сярод каналаў трэба вылучыць водападвадныя, па якіх вада падаецца для арашальных сістэм, жыўлення рыбаводных сажалак, для цеплавых электрастанцый, пітнога водагаспадарчага забеспячэння, абвадняльных сістэм (напр., Сляпянская водная сістэма ў Мінску).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Каналы Беларусі
Катэгорыя·Рэкі Беларусі