wd wp Пошук:

Рэйхштацкае пагадненне

Рэйхштацкае пагадненне — сакрэтнае пагадненне паміж Расіяй і Аўстра-Венгрыяй па балканскім пытанні, заключанае 26 чэрвеня (8 ліпеня) 1876 года пры сустрэчы імператара Аляксандра II і міністра замежных спраў князя А. М. Гарчакова з аўстрыйскім імператарам Францам Іосіфам і міністрам замежных спраў Д. Андрашы ў Рэйхштацкім замку.

Пагадненне не зафіксавана афіцыйным дакументам. Паводле даручэння Гарчакова і Андрашы былі зроблены толькі запісы перамоў, прычым рускі і аўстрыйскі тэкст некалькі адрозніваюцца адзін ад аднаго. Паводле дасягнутых дамоўленасцей бакі абяцалі не ўмешвацца ў вайну Сербіі і Чарнагорыі супраць Турцыі і закрыць аўстрыйскія порты Клек і Катара, праз якія бакі (галоўным чынам Турцыя) атрымлівалі зброю і боепрыпасы.

У выпадку перамогі Асманскай імперыі ў вайне бакі збіраліся дамагацца аднаўлення даваеннага статус-кво і правядзення адміністрацыйнай рэформы ў Босніі і Герцагавіне. У выпадку ж паражэння туркаў паводле рускага тэксту Сербія павінна была атрымаць Герцагавіну і порт Спіца на Адрыятычным моры, Чарнагорыя — частку старой Сербіі і Босніі, а Аўстра-Венгрыя — турэцкую Харватыю і памежныя раёны Босніі. Паводле аўстрыйскага запісу ў выпадку паражэння туркаў Сербія і Чарнагорыя атрымалі б толькі памежныя раёны Босніі і Герцагавіны, а большая іх частка перайшла б пад кантроль Аўстра-Венгрыі. Пры гэтым Расія атрымала б назад Паўднёва-Заходнюю Бесарабію, адрынутую ў яе паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 года і Батум.

У выпадку «поўнага разгрому» Турцыі меркавалася, паводле рускага запісу, утварэнне незалежных княстваў Балгарыі і Румеліі, а паводле аўстрыйскай — прадастаўленне ім і Албаніі аўтаноміі ў складзе Асманскай імперыі. Абодва бакі згаджаліся на пашырэнне Грэцыі. Паводле рускай версіі яна павінна была атрымаць Фесалію і Эпір, а паводле аўстрыйскай — Крыт. Абедзве дзяржавы прызнавалі магчымым ператварэнне Канстанцінопаля ў «вольны горад».

Падчас Канстанцінопальскай канферэнцыі і ў сувязі з далейшым абвастрэннем становішча на Балканах пагадненне было дапоўнена Будапешцкай канвенцыяй.

Крыніца

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Гісторыя Асманскай імперыі
Катэгорыя·Руска-турэцкая вайна (1877—1878)
Катэгорыя·1876
Катэгорыя·Міжнародныя дагаворы Аўстра-Венгрыі
Катэгорыя·Гісторыя Балгарыі
Катэгорыя·Міжнародныя дагаворы XIX стагоддзя
Катэгорыя·Міжнародныя дагаворы Расійскай імперыі