Рэвельскае біскупства — дыяцэзія каталіцкай царквы, якая была створана ў Эстоніі каралём Даніі Вальдэмарам II у 1240 годзе.
У 1216 годзе да Дацкага караля Вальдэмара II звярнуўся біскуп рыжскі з просьбай дапамагчы ў барацьбе з эстамі. Папа Рымскі Ганорый III у сваёй буле ад 9 кастрычніка 1217 года блаславіў паход супраць эстаў і дараваў каралю Даніі ўсе землі, якія той захопіць. У 1219 годзе Вальдэмар II заваяваў Паўночную Эстонію, перамогшы эстаў у бітве пры Лінданісэ. Захопленыя ў эстаў землі датчане назвалі герцагства Эстляндыя, а сталіцай зрабілі Рэвель (цяпер — Талін), які да таго зваўся Лінданісэ[1]. Назва Рэвель паходзіць ад назвы ранейшага мааканда (княства) Rävala, сталіцай якога ў старажытнасці быў гэты горад. У 1240 годзе Вальдэмар II стварае біскупства ў Рэвелі, прычым пакідае за сабой і за сваімі пераемнікамі, каралямі Даніі права прызначаць біскупаў Рэвеля. Рашэнне аб прызначэнні на прастол у Рэвелі было ўнікальным і супярэчыла кананічнаму праву Каталіцкай Царквы таго часу. Біскупаў у тыя часы мог прызначаць толькі толькі Папа Рымскі, таму права прызначаць рэвельскага біскупа каралём Даніі неаднаразова аспрэчвалася Папам. Гэта права дацкіх каралёў на прызначэнне рэвельскіх біскупаў было нават запісана ў дагавор аб продажы Эстонскага герцагства Тэўтонскаму ордэну за 19.000 кёльнскіх марак у 1346 годзе[2]. Да 1374 года біскупства ўваходзіла ў Лундскае архібіскупства (Швецыя), якое пазней было ператворана ў Рыжскае архібіскупства. 4 снежня 1435 года біскупам было падпісана пагадненне, паводле якога Рэвельскае біскупства ўваходзіла ў Лівонскую канфедэрацыю (eiine fruntliche eyntracht). Увосень 1559 года біскуп вострава Эзэля (сучасная назва — Саарэмаа) і Пільтэна, Ёхан фон Мюнхаўзен, звярнуўся за абаронай да Даніі. Паводле пагаднення з каралём Фрэдэрыкам II біскуп саступіў каралю востраў Эзэль і Пілтэн з правам на Рыгу і Рэвель за 30 000 талераў[3]. Рэвельскае біскупства спыніла сваё існаванне падчас пратэстанцкай Рэфармацыі ў Лівонскай канфедэрацыі калі ў 1561 годзе дзяржаўнай рэлігіяй стала лютэранства[4][5]. У канцы XVI стагоддзя амаль уся Эстонія была заваявана шведамі, пасля чаго каталіцтва было цалкам забаронена, а афіцыйнай царквой стала лютэранская. У канцы XVIII стагоддзя тэрыторыі біскупства ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, на той момант у Эстоніі налічвалася каля 300 каталікоў, галоўным чынам сярод нямецкага дваранства[6].
1 лістапада 1924 года Святы Прастол заснаваў апостальскую адміністратуру Эстоніі, вылучыўшы яе з Рыжскай архідыяцэзіі. Апостальская адміністратура Эстоніі знаходзіцца ў горадзе Талін (Рэвель) і распаўсюджвае сваю юрысдыкцыю на ўсю тэрыторыю Эстоніі[7].
Паводле даных на 2008 год у краіне налічвалася 5 745 каталікоў, 14 святароў, 4 манаха (адзін францысканец і тры дамініканцы, з іх 2 іераманахі), 20 манашак і 9 прыходаў[8].