wd wp Пошук:

Рыс ап Грыфід

Рыс ап Грыфід (вал.: Rhys ap Gruffydd; 1132 — 28 красавіка 1197) — кіраўнік валійскага каралеўства Дэхейбарт. Ён больш вядомы як «Лорд Рыс» (вал.: Yr Arglwydd Rhys, англ.: Lord Rhys), але, верагодна, пры жыцці ён гэтым тытулам не карыстаўся[3]. Сам Рыс называў сябе «прынцам Дэхейбарта» або «прынцам Паўднёвага Уэльса», аднак захаваліся два дакументы, дзе ён тытулуецца як «Прынц Уэльскі» або «Прынц валійцаў»[4]. Рыс быў адным з наймагутнейшых валійскіх кіраўнікоў, і пасля смерці Оўайна Гвінеда ў 1170 годзе ён стаў вядучым іграком на валійскай палітычнай сцэне.

Дзед Рыса, Рыс ап Тэўдур, кароль Дэхейбарта, загінуў у 1093 годзе, падчас супрацьстаяння нарманскаму заваяванню. Пасля яго смерці нарманы захапілі большую частку каралеўства. Бацька Рыса Грыфід усё ж змог атрымаць невялікую частку сабе ў валоданне, а пасля смерці Грыфіда старэйшыя браты Рыса таксама адваявалі частку земляў. Рыс стаў кіраўніком Дэхейбарта ў 1155 годзе. У 1158 годзе ён быў вымушаны падпарадкавацца англійскаму каралю Генрыху II. У 1163 годзе Генрых уварваўся ў Дэхейбарт, пазбавіў Рыса ўсіх земляў і ўзяў у палон. Праз некалькі тыдняў Рыс быў адпушчаны, і яму вярнулі невялікую частку ўладанняў. Тады ён уступіў у саюз з Оўайнам Гвінедам, і пасля няўдалага ўварвання Генрыха ва Уэльс у 1165 годзе Рысу ўдалося атрымаць назад амаль усе свае землі.

У 1171 годзе Рыс склаў з Генрыхам мірны дагавор, дзе пацвярджалася яго права на ўсе нядаўна заваяваныя ўладанні. Акрамя таго, Рыс стаў юстыцыярам Паўднёвага Уэльса. Ён захоўваў з каралём добрыя адносіны аж да смерці Генрыха ў 1189 годзе. Пазней Рыс паўстаў супраць Рычарда I і напаў на нарманскія ўладанні ва Уэльсе, захапіўшы некалькі замкаў. У апошнія гады жыцця Рыс шмат часу прысвячаў прымірэнню сваіх сыноў, асабліва Майлгуна і Грыфіда. У апошні паход супраць нарманаў Рыс адправіўся ў 1196 годзе. У наступным годзе ён нечакана сканаў і быў пахаваны ў саборы Св. Давіда.

Зноскі

  1. 1 2 3 Lundy D. R. The Peerage
  2. Pas L. v. Genealogics — 2003. — ed. size: 683713
  3. Turvey pp. 91-2
  4. У хартыі дарэння абацтву Чэртсі ён выкарыстоўвае тытул princeps Wall[iae], а ў хартыі, якая датуецца 1184 годам і тычыцца абацтва Страта Фларыда, сустракаецца Walliar[um] princeps. Гл. Pryce pp. 96-7, 168-9, 171-4

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1132 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 28 красавіка
Катэгорыя·Кіраўнікі каралеўства Дэхейбарт
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1197 годзе
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XII стагоддзя