wd wp Пошук:

Раджпуты

Воін-раджпут на кані, мал. XVIII ст.

Раджпу́ты (санскрыт राजापुत्र літаральна “княскі сын”) — каста або родавая арганізацыя воінаў-землеўладальнікаў у Індыі і Пакістане.

Паходжанне

Паняцце раджпуты сустракаецца ў старажытным індыйскім эпасе “Махабхарата”, а таксама на непальскіх надпісах сяр. 1 тысячагоддзя н. э. Самі раджпуты выводзяць сябе ад некалькіх старажытных правячых дынастый або нават ад ведыйскіх бажаствоў месяца і сонца[1]. Аднак у навуцы замацавалася думка, што раджпуты - нашчадкі сярэднеазіяцкіх заваёўнікаў VI ст. н. э., якія пазней прынялі індуізм і атрымалі высакародны статус[2].

Сярод індуістаў раджпуты разглядаюцца как прадстаўнікі адной або некалькіх джаці варны кшатрыяў (гл. Каста), сярод мусульман - як замкнёная група высакародных сем’яў. Усяго ў Індыі і Пакістане налічваецца 36 буйных родаў раджпутаў. Колькасць малых родаў сягае за 100.

Гісторыя

У VIII - IX стст. на захадзе Індыі сфарміраваўся шэраг дзяржаў, якімі кіравалі дынастыі раджпутаў. На тэрыторыі сучаснага індыйскага штата Раджастхан княствы раджпутаў склалі своеасаблівы рэгіён Раджпутана або Раджвар (каля 343328 км²)[3], які захаваў адносную самастойнасць нават пасля ўсталявання Імперыі Вялікіх Маголаў. Большасць раджпутаў, аднак, былі не ўладарамі дзяржаў, а воінамі, якія атрымоўвалі за службу землі ў маёмасць або карыстанне. Яны славіліся сваёй адданасцю тым, каму служылі, а таксама захоўвалі правілы воінскай гонару. З цягам часу некаторыя сем’і прынялі іслам[4], аднак большасць захавала індуізм у якасці асноўнай рэлігіі. У індыйскай гісторыі раджпутаў нават прынята разглядаць як абаронцаў індуізму[5].

Усё большыя супярэчнасці паміж кіруючымі дынастыямі раджпутаў прывялі да таго, што ў XVII ст. яны трапілі ў залежнасць ад Вялікіх Маголаў, а пазней - ад маратхаў. З кан. XVIII ст. раджпуты Заходняй Індыі заключалі саюзныя адносіны з Брытанскай Ост-Індскай кампаніяй, а простыя воіны наймаліся да брытанцаў у якасці сіпаяў. Уладары Раджпутаны здолелі захаваць сваю ўладу нават пры брытанскай каланіяльнай адміністрацыі, хаця іх правы былі істотна абмежаваны.

У 1948 г. 22 княствы Раджпутаны ўвайшлі ў склад Індыі. Прынятыя ў 1971 г. папраўкі да Канстытуцыі канчаткова пазбавілі іх манархаў улады. Як індыйскія, так і пакістанскія раджпуты прымалі актыўны ўдзел у ваенных канфліктах паміж Індыяй і Пакістанам на баку сваіх дзяржаў.

Традыцыі

Паколькі раджпуты былі воінамі, то ў іх супольнасці заўсёды захоўвалася першынство мужчын. Нараджэнне сына віталася ў сям’і як вялікае свята, а нараджэнне дзяўчынкі часам атаясамлялася з няшчасцем. У мінулым існавалі звычаі дзявочага інфантацыду, джаўхар і саці. Кожны раджпут з нараджэння павінен быў прайсці 12 рытуалаў карам. Асабліва важнымі былі рытуалы надання імя, першага галення галавы і павязвання ніткі джані. Пахаванне суправаджалася складаным абрадам, пасля якога старэйшы сын або кіраўнік сям’і праломваў чэрап нябожчыка, каб душа магла выйсці з цела, потым памерлага спальвалі.

Сем’і пераважна вялікія пашыраныя, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на родавыя аб’яднанні. Кіруюць сем’ямі толькі мужчыны. У мінулым некаторыя княскія роды раджпутаў імкнуліся мець шлюб з прадстаўніцамі варны брахманаў. Аднак для астатніх раджпутаў характэрны дазвол мець жонку з сем’яў ніжэйшага рангу і аддаваць сваіх дачок замуж за прадстаўнікоў вышэйшых джаці. Шлюбы суправаджаюцца маляўнічымі вясельнымі абрадамі. Жаніх разам з шматлікімі сябрамі едзе на кані або нават слане да хаты нявесты і раздае яе сваякам і гасцям багатыя падарункі. Маладыя праходзяць ачышчальны вогненны рытуал агні пуджа.

У мужчын важнай часткай вопраткі з’яўляецца цюрбан. Прычым, форма і знешні выгляд цюрбана залежаць ад родавай прыналежнасці[6].

Зноскі

  1. Rajput Samaj Madhya Pradesh Архівавана 5 мая 2013.
  2. Hunnish Peoples In Central Asia And India
  3. Rajputana
  4. The Muslim Rajputs of UP(недаступная спасылка)
  5. Гл. The Rajput Resistance to the Muslim Aggression By Sudheer Birodkar Архівавана 19 чэрвеня 2006.
  6. Countries and Their Cultures: Rajputs

Глядзіце таксама

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Гісторыя Індыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Касты