wd wp Пошук:

Пунш

Паўднёвы пунш з бурбона

Пунш (ад англ.: punch) — зборная назва кактэйляў, у першую чаргу алкагольных, якія звычайна ўтрымоўваюць садавіну ці фруктовы сок. Падаецца традыцыйна на вечарынках у вялікіх шырокіх чашах, з плаваючымі ў іх кавалачкамі садавіны.[1] Напой быў завезены з Індыі ў Англію напачатку XVII стагоддзя і распаўсюдзіўся ў Еўропе.[2]

Гісторыя

Пунш упершыню з’явіўся ў Індыі, назва паходзіць ад хіндзі: panch («пяць») (і ўзыходзіць да санскрыцкага panchan-s )[3]. Гэта быў гарачы напой з пяці кампанентаў: рому, цукру, лімоннага соку, гарачай вады і чаю.

З Індыі маракамі Брытанскай Ост-Індскай кампаніі напачатку XVII стагоддзя пунш быў завезены ў Англію, і адсюль распаўсюдзіўся па Еўропе. Перш ён рабіўся на аснове брэндзі і віна, з прычыны таго, што ром стаў вядомы толькі ў канцы XVII стагоддзя. Упершыню тэрмін «пунш» (англ.: punch) быў зарэгістраваны ў брытанскіх дакументах у 1632 годзе.

З часам варыянтаў прыгатавання пуншу стала вялікае мноства: агульным для іх з’яўляецца фруктовы сок у складзе напою. Пунш часам падаюць халодным, ці нават робяць безалкагольны кактэйль з розных фруктовых сокаў, свежых і кансерваваных ягад і садавіны, які таксама завецца пуншам.

Зноскі

  1. Punch at dictionary.com
  2. Edwards, Graham and Sue. The Language of Drink, Alan Sutton Publishing, 1988.
  3. Punch at the Online Etymology Dictionary
Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Кактэйлі
Катэгорыя·Алкагольныя напоі