У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Праметэй, значэнні.
Праметэ́й (па-старажытнагрэчаску: Προμηθεύς) — у старажытнагрэчаскай міфалогіі[3] тытан, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. Ён хацеў, каб багі не перашкаджалі людзям жыць уласным жыццём. Сын Япета і Клімены (па Апаладору, Асіі[4]). Па Эсхілу, сын Феміды-Геі[5]. Па Эўфарыёну, сын Геры і тытана Эўрымедонта[6]. Яго жонка Гесіёна[7].
Імя тытана «Праметэй» азначае «думаючы спярша», «той, які прадбачвае» (у процілежнасць імені яго брата Эпіметэя, «думаючага пасля») і з’яўляецца вытворным ад індаеўрапейскага корня me-dh-, men-dh-, «разважаць», «пазнаваць»[8].
Паводле міфаў, Праметэй стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, таксама астраноміі, медыцыне, пісьму. Выкраў з Алімпа і прынёс людзям агонь, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць Праметэя да скалы на Каўказе. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да Праметэя прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Стогны Праметэя чулі арганаўты ў час свайго падарожжа. Нарэшце з дазволу Зеўса Геракл забіў арла і вызваліў Праметэя. У старажытных Афінах культ Праметэя шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў яго гонар — праметэі — бег з факеламі.
Вобраз Праметэя — адзін з найбольш значных у сусветнай літаратуры (П. Кальдэрон, Эсхіл, І. В. Гётэ, П. Б. Шэлі, Дж. Байран, Ф. Кафка і інш.), яму прысвечаны творы выяўленчага мастацтва (Л. Карачы, П. П. Рубенс, Я. Іорданс і інш.) і музыкі (Л. ван Бетховен, А. Скрабін і інш.).