wd wp Пошук:

Пракельцкая мова

Праке́льцкая мовапрамова (мова-продак), якая лічыцца продкам моў кельцкай галіны індаеўрапейскай сям’і моў, і, у сваю чаргу, стала асобнай філіяцыяй пасля распаду праіндаеўрапейскай мовы. Не з’яўляецца пісьмова засведчанай, аднаўляецца праз звесткі і метады параўнальна-гістарычнай лінгвістыкі.

Некаторымі мовазнаўцамі ўключаецца ў склад заходнеіндаеўрапейскай супольнасці, да якіх належалі таксама прагерманская, праіталійская і прабалта-славянская мовы. Дакладныя зносіны між гэтымі мовамі ў рамках гіпатэтычнай супольнасці застаюцца дыскусійнымі. На ўзор такіх індаеўрапейскіх моў, як тахарскія, італійскія, германскія, старажытнагрэчаская і некаторыя іншыя, уяўляла сабой мову з тыпова «кентумнымі» рысамі.

Рэканструкцыя пракельцкай мовы ўскладняецца рознай наяўнасцю звестак адносна дзвюх груп кельцкай галіны, астраўной і кантынентальнай. Усе кантынентальныя кельцкія мовы з’яўляюцца вымерлымі; у той час як іх пісьмовыя помнікі даюць добрае ўяўленне пра фаналогію і, часам, пра марфалогію, рэканструкцыя іх сінтаксісу падааецца цяжкасцям з прычыны малой колькасці вядомых пісьмовых помнікаў. Некаторыя поўныя сказы знаходзяцца ў пісьмовых сведчаннях гальскай і кельтыберскай моў, але найстарэйшай істотнай кельцкай літаратурай лічацца ўзоры пісьма старажытнаірландскай мовы — самай ранняй з засведчаных астраўных моў.

Мажлівыя носьбіты

Найранейшай археалагічнай культурай, прадстаўнікі якой могуць атаясамлівацца з носьбітамі пракельцкай мовы і якая можа быць абгрунтаваная ў гэтай якасці, з’яўляецца культура палёў пахавальных урнаў, якая існавала ў Цэнтральнай Еўропе з апошняе чвэрці II тыс. да н.э.[1] З раннімі кельтамі таксама звязваецца гальштацкая культура, якая існавала перадусім на тэрыторыях сучасных Швейцарыі і Аўстрыі каля ІХ ст. да н.э. ужо ў часы Жалезнага веку[1]

Лінгвістычная характарыстыка

Фаналагічныя змены

Ніжэй прыведзены пералік трывалых гукавых змен, якія сталі адрозніваць пракельцкую мову ад праіндаеўрапейскай[2]. Змены прыведзеныя ў храналагічным парадку ад познепраіндаеўрапейскага да познепракельцкага перыядаў. V — галосны, C — зычны.

Змены, што адбыліся ў гэты перыяд, падзяляюць таксама шэраг іншых галін індаеўрапейскай сям’і.

Рэканструкцыя

Аналагічна іншым рэканструяваным прамовам, адносна пракельцкай мовы лінгвісты рэканструююць фанетыку і фаналогію (гукавы лад), для чаго прыцягваюцца звесткі па праіндаеўрапейскай мове, а таксама прамовах, якія існавалі поруч з пракельцкай, захаваных пісьмовых помніках вымерлых кельцкіх моў і сучасных кельцкіх моў.

Для пракельцкай мовы рэканструюецца наступны лад зычных гукаў:

 Білябіяльныя  Альвеалярныя  Палатальныя  Велярныя  Лябіявелярныя
Выбухныя b t d k ɡ ɡʷ
Насавыя m n
Фрыкатывы ɸ s
Апраксыманты j w
Апраксыманты l
Дрыжачыя r

У адрозненне ад праіндаеўрапейскай мовы ў пракельцкай мове знікла прыдыханне як сродак супрацьпастаўлення зычных фанем, праз што, такім чынам, звонкія прыдыхальныя выбухныя *bʰ, *dʰ, *gʰ/ǵʰ у пракельцкай мове зліліся з *b, *d, *g/ǵ. Звонкі прыдыхальны лябіявелярны *gʷʰ не зліўся з *gʷ, аднак апошні ў пракельцкай зліўся з *b, тады як адбыўся пераход *gʷʰ > *gʷ. Узоры дадзеных пераход прасочваюцца на PIE *gʷen- «жанчына» > ст.-ірл. ben, вал.: benyw, але PIE *gʷʰn̥- «забіваць, параніць» > ст.-ірл. gonaid, валійск. gwanu.

Праіндаеўрапейскі *p быў страчаны ў пракельцкай пераўтварыўся напачатку ў *ɸ, пасля чаго перайшоў у *h (што можна прасачыць на тапоніме Герцынія, у выпадку, калі ён мае кельцкую этымалогію) і ўрэшце быў страчаны ў ініцыяльнай і інтэрвакальнай пазіцыях. Лёс *ɸ у іншых пазіцыях стаў іншым: так, сцячэнні *ɸs, *ɸt перайшлі ў *xs, *xt адпаведна ў пракельцкі перыяд, PIE *sp- у старажытнаірландскай перайшло ў s (у сваю чаргу, праз леніцыю f-) і брыцкае f. Тэзіс аспрэчваецца паводле Схрэйвера, які мяркуе, што між гэтым пераходам існаваў прамежкавы этап з існаваннем *sɸ-, у якім *ɸ захоўвала статус незалежнай фанемы да самага расаду праастраўной кельцкай мовы на гайдэльскія і брыцкія[4]; паводле Мак-Кона *sp- захаваўся ў пракельцкай мове і, сыходзячы з гэтага, пераходу *p > *ɸ перад *s не існавала[5]. Падобным чынам праце закон Грыма ў германскіх мовах.

Пракельцкая Старажытнаірландская Валійская
*laɸs- > *laxs- «бляск» las-aid llach-ar
*seɸtam > *sextam «сем» secht saith
*sɸeret- або *speret- «пятка» seir ffêr

У гальскай і брыцкіх мовах зычны *p узнікнуў як новы рэфлекс праіндаеўрапейскай *kʷ (напрыклад, гальск. petuar[ios], валійск. pedwar, але ст.-ірл. *cethair і лац.: quattuor «чатыры»). Сыходзячы з гэтага, шэраг лінгвістаў аспрэчвае класіфікацыю кельцкіх моў як падзел на астраўныя і кантынентальныя і прапаноўвае падзел кельцкіх моў на Q-мовы (гайдэльскія, кельтыберскія) і P-мовы (брыцкія, амаль усе кантынентальныя). Аднак просты падзел паводле крытэру захавання *kʷ можа апынуцца неабгрунтаваным з прычыны таго, што гэты варыянт класіфікацыі не адлюстроўвае сведчанні старажытных кантынентальных моў, вялікая колькасць нечаканых, але паслядоўных інавацый сведчаць супраць падзелу на Q- і P-мовы (напрыклад, у гальскай мове, якая традыцыйна адносіцца да P-кельцкіх, зафіксаваныя лексемы відавочнага Q-паходжання). Варта адзначыць, што аргументы, якія сведчаць супраць падзелу на Q- і P-мовы могуць з’яўляцца вынікам узаемных кантактаў між астраўнымі і кантынентальнымі мовамі або адлюстроўваць агульны субстратны ўплыў.

Q-кельцкія мовы могуць мець запазычванні з тыповым /p/ на месцы *kʷ, пры гэтым у архаічнаірландскай мове пры працэсе запазычвання з валійскай мовы апошняя выкарыстоўвалася праз нястачу /p/ у архаічнаірландскай:

Пазней у гайдэльскіх мовах назіраўся працэс запазычвання словаў з захаваннем гэтай зычнай (напрыклад, лац. osculum pacis «пацалунак міру» > шатл. гэл.: póg «пацалунак»).

Рэканструяваны для пракельцкай мовы лад галосных шмат у чым супадае з рэканструяваным для праіндаеўрапейскай мовы (паводле Мее). Прысутнічалі манафтонгі і дыфтонгі.

Манафтонгі:

  Пярэдняга
шэрагу
Сярэдняга
шэрагу
задняга
шэрагу
доўгія кароткія доўгія кароткія доўгія кароткія
Верхняга
ўздыму
/iː/ /i/   /uː/ /u/
Сярэдняга
ўздыму
/eː/ /e/   /o/
Ніжняга
ўздыму
  /aː/ /a/  

Дыфтонгі:

-i -u
e-ei
a-aiau
o-oiou

Марфалогія

У мэтах аднаўлення марфалагічнага ладу пракельцкай мовы выкарыстоўваюцца звесткі марфалагічных прыкметаў сучасных кельцкіх моў, асабліва вымерлых кантынентальных моў, якія нярэдка могуць паказваць большую архаічнасць у параўнанні з сучаснымі кельцкімі.

Назоўнік

У марфалагічнай структуры назоўнікаў і прыметнікаў рэканструяванай пракельцкай мовы не прасочваецца прыкметных адрозненняў у параўнанні з праіндаеўрапейскай мовай. Як лічыцца, у пракельцкай мове назоўнік мог адрознівацца паводле трох радоў, трох лікаў і пяці-васьмі склонаў.

Існаваў мужчынскі, жаночы, ніякі рады; адзіночны, парны, множны лікі.

Колькасць склонаў у пракельцкай мове з’яўляецца прадметам дыскусій[6]. У той час як у старажытнаірландскай мове прадстаўлена пяць склонаў, адносна кантынентальных мяркуецца, што іх пісьмовыя помнікі адлюстроўваюць наяўнасць васьмі склонаў: назоўнага, роднага, давальнага, вінавальнага, творнага, мясцовага, клічнага склонаў і аблатыву.

Як мяркуецца, існавала прынамсі дзевяць тыпаў асноваў слова: *o-аснова, *ā-аснова, *i-аснова, *u-аснова, зубныя асновы, велярныя асновы, насавыя асновы, *r-аснова, *s-аснова. Для словаў кожнага тыпу асноваў быў характэрны ўласны тып скланення.

Дзеяслоў

Параўнанне парадыгмаў змен дзеяслову ў старажытнаірландскай і гальскай мовах сведчыць пра рознае развіццё дзеяслову ў кантынентальных і кельцкіх мовах. Імаверна, звесткі гальскай, кельтыберскай і астраўных кельцкіх моў адлюстроўваюць наяўнасць у пракельцкай мове трох ладоў:

Хутчэй за ўсё, пракельцкай мове была ўласцівая наяўнасць чатырох часоў, сведчанні пра што здабываюцца дзякуючы таксама звесткам вымерлых кельцкіх моў.

Дзеяслоў мог утварацца шляхам дадання суфіксаў да дзеяслоўнай асновы. Аснова магла быць тэматычнай (з галоснай, якая развілася ў выніку праіндаеўрапейскага аблаўту) або атэматычнай (безь яе), склады ў аснове маглі быць закрытымі і адкрытымі.

Спражэнне дзеяслову можа быць прадэманстраванае на наступных прыкладах[2][7][8].

Гісторыя

Лічыцца, што пракельцкая мова працягвала сваё існаванне прыкладна да ІХ ст. да н.э. Выкарыстоўваючы вылічальныя метады, у цяперашнія часы высоўваюцца гіпотэзы пра вылучэнне пракельцкай мовы каля 4100 гг. да н.э. і прыбыццё носьбітаў мовы на Брытанскія астравы каля 3200 гг. да н.э. (± 1,5 тыс. гг.)[9], але падобныя даты не з’яўляюцца агульнапрынятымі.

Шэраг мовазнаўцаў высоўваюць гіпотэзы пра асаблівае збліжэнне італійскіх і кельцкіх моў у рамках індаеўрапейскай сям’і, з-за чаго пастулюецца пра адасабленне з праіндаеўрапейскай мовы спачатку праіталійска-кельцкай мовы, з якой ужо адбылося вылучэнне пракельцкай. Гіпотэза крытыкуецца, паколькі агульныя рысы могуць тлумачыцца моўнымі кантактамі між носьбітамі моў.

Зноскі

  1. 1 2 Chadwick; Corcoran, Nora; J.X.W.P. The Celts. — Penguin Books, 1970. — С. 28-33.
  2. 1 2 Ranko, Matasović. Etymological Dictionary of Proto-Celtic. — Leiden Indo-European Etymological Dictionary Series, 9. — Brill Academic Publishers, 2009. — ISBN 978-90-04-17336-1.
  3. Matásovic (2009: 6)
  4. Schrijver 1995, p. 348
  5. McCone 1996, pp. 44–45
  6. Pedersen, Holger. Vergleichende Grammatik der keltischen Sprachen, 2. Band, Bedeutungslehre, Wortlehre. — Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht, 1913. — ISBN 3-525-26119-5.
  7. MacBain, Alexander. An etymological dictionary of the Gaelic language. — Stirling: Eneas MacKay, 1911.
  8. Ward, Alan. A Checklist of Proto-Celtic Lexical Items. — 1982. — С. 7-14.
  9. Forster, Peter; Toth, Alfred. 100 // Toward a phylogenetic chronology of ancient Gaulish, Celtic, and Indo-European. — Proceedings of the National Academy of Sciences. — 2003. — С. 9079-9084.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Кельцкія мовы
Катэгорыя·Старажытныя мовы Еўропы
Катэгорыя·Прамовы