wd wp Пошук:

Плябанскія млыны

Майсей Сляпян. Плябанскі млын у Мінску. Пачатак 1920–х.

Плябанскія млыны — комплекс вадзяных млыноў на Свіслачы ў Мінску.

Спачатку левабярэжны млын належаў мінскаму дамініканскаму кляштару, правабярэжны — уніяцкай царкве. Пазней першы перайшоў да касцёла Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы, другі — да праваслаўнага Архірэйскага двара.

З боку Траецкай Гары да млыноў ішла аднайменная вуліца (у 1866 годзе перайменавана ў Шырокую, цяпер Куйбышава).

Гісторыя з Плябанскімі млынамі

Адзін з плябанскіх млыноў у 1916 годзе.

У 1893 годзе месцічы, якія жылі каля млыноў паскардзіліся на вялікія шкоды ад Плябанскай плаціны, яна стрымлівала вольнае цячэнне, што спрычыняла забалочванне і паводакі, таксама у маларухомай вадзе збіраліся брудныя сцёкі з суседніх рынка і бальніцы, што спрыяла распаўсюду эпідэмічных захворванняў. Пасля абследавання гарадскі санітарны камітэт вызначыў мэтазгодным знос плаціны. Тады ж гарадская ўправа пачала перамовы з канторай архірэйскага дома і плябаніяй касцёла Святой Тройцы. Праваслаўныя пагадзіліся знесці млын за 12,6 тыс. рублёў, каталікі — за 10 тысяч. Але такіх грошаў у горада не было, а хадайніцтва на атрыманне ўрадавай пазыкі не заўхвалілі.

Справа пра выкуп млыноў разглядалася Сінодам, які ў сакавіку 1900 года дазволіў прадаць архірэйскі млын, але толькі на знос без права на прылеглую зямлю. Такая ўмова не задаволіла гарадскія ўлады, якія хацелі выкупіць млын разам з зямлёй. У сваю чаргу архірэйскі дом, каб падкрэсліць свае ўласніцкія правы, пачаў рамантаваць млын і сваю частку плаціны. У 1901 годзе ўлады спрабавалі зруйнаваць млын судовым парадкам, але беспаспяхова.

Пасля вялікай вясновай паводкі 1906 года, якая амаль разбурыла плаціну, зноў стала пытанне пра выкуп. Праз некалькі гадоў горад купіў у Свята-Траецкага касцёла яго млын разам з прылеглай зямлёй за першапачатковую суму. Управа спадзявалася атрымаць правы і на астатнюю частку плаціны. У 1909 годзе падчас вясновага крыгаходу гарадскі галава Стэфановіч загадаў зняць усе засаўкі каб пазбегнуць паводкі. Аднак архіепіскап Міхаіл за парушэнне правоў уласнасці прыцягнуў увесь склад гарадской управы да судовай адказнасці, гарадскі галава Стэфановіч страціў пасаду.

У 1911 годзе ўправа аднавіла перамовы наконт выкупу плаціны і млына. Аднак пры падпісанні канечных дакументаў высветлілася, што горад заплаціўшы значна большую суму (17 тыс. рублёў) так і не атрымаў правоў на зямлю пад плацінай. Тым часам жыхары прыбярэжных раёнаў па-ранейшым цярпелі ад паводак і пілі непрыдатную да спажывання ваду (у ёй, у прыватнасці, ішло гніенне трупаў жывёл, затрыманых плацінай).

У маі 1913 года тэрмін арэнды архірэйскага млына скончыўся. Але гарадской управе так і не ўдалося дамовіцца пра выкуп, таму арэнда працягнулі на новае дзесяцігоддзе. Плаціна не была знесена[1].

Гарадскія ўлады неаднаразова выступалі з прапановамі знесці плаціну і млыны па яе краях. Але тыя знаходзіліся ў прыватнай уласнасці, і закон быў на баку ўладальнікаў. Таму кожную вясну, калі ўзровень Свіслачы пачынаў імкліва паднімацца, плаціна затрымлівала прыбывалую ваду, што толькі ўзмацняла паводку. Дарэчы, менавіта паводка 1917 года паставіла кропку ў пытанні, якое толькі па дакументах цягнулася амаль тры стагоддзі: націск вады разбурыў плаціну, а рэвалюцыя — знішчыла прыватную ўласнасць. У далейшым аднаўленне млыноў і плаціны не адбывалася.

Зноскі

  1. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 114

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Гісторыя Мінска
Вадзяныя млыны Беларусі