У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Плывун. Плыву́н — возера ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Вір (цячэ праз возера), за 10 км у напрамку на паўднёвы ўсход ад горада Бабруйск, за 2,5 км на паўднёвы захад ад вёскі Ступяні. Возера знаходзіцца на тэрыторыі ландшафтнага заказніка мясцовага значэння «Дубоўскі каскад азёр»[2]
Плошча паверхні 0,32 км². Даўжыня 4,7 км, найбольшая шырыня 0,13 км. Даўжыня берагавой лініі 10,2 км.
Катлавіна возера — пашырэнне рэчышча ракі Вір. Берагі высокія, месцамі стромкія. Зарастае слаба. Рака Вір злучае Плывун з возерам Вяхава на поўдні і возерам Усох на поўначы.
У возеры водзяцца лешч, акунь, шчупак звычайны, лінь, плотка, гусцяра, краснапёрка і іншыя віды рыб.